Асака заліўная (Carex paupercula Michx., 1803)
Парадак Асакакветныя (Cyperales), сямейства Асаковыя (Cyperaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальна-таежны цыркумпалярны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах за паўднёвай мяжой арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з кароткім паўзучым карэнішчам і тонкімі сцёбламі вышынёй 30-40 см. Лісце плоскае, не жорсткае, ярка-зялёнае, амаль роўнае са сцяблом. Ніжні калякветны ліст звычайна роўны суквеццю, якое складаецца з 1 тычынкавага і 2-3 песцікавых каласкоў. Покрыўныя лускавінкі ланцэтападобныя, з загнутымі ўнутр краямі. Мяшочкі шырокаяйкападобныя, зеленавата-шызыя. 3 рыльцы [2, 3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў канцы траўня - чэрвені, пладаносіць у канцы ліпеня-жніўні. Насенне (5-20) завязваецца на адным генератыўным парастку. Размнажэнне вегетатыўнае, магчыма, насеннае [2].
Пашырэнне. Таежная і тундравая зоны паўночнага паўшар'я, Далёкі Ўсход, Японія. [3]. У Беларусі ўпершыню знойдзена ў некалькіх кварталах Бярэзінскага запаведніка ў 1976 г. [4]. У цяперашні час вядома некалькі месцаў росту ў Верхнядзвінскім, Лепельскім, Полацкім і Мядзельскім раёнах [5].
Месцы росту. Забалочаныя чорнаальховыя, яловыя, ялова-бярозавыя, ялова-чорнаальховыя, сасновыя, саснова-бярозавыя і пушыстабярозавыя лясы, рэдкалессе, тарфяныя сфагнавыя балоты.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя, высечка лясоў, вытоптванне пры выпасе жывёлы.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку, паляўнічым заказніку «Асвейскі», гідралагічным заказніку «Чарэмшыца» і азёрным заказніку «Глыбокае-Чарбамысла». Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [6].
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, пошук новых месцаў росту, забарона антрапагеннага ўздзеяння на месцы роду віду, штучнае рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Новиков, Абрамова, 1980; 3. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1978; 4. Симонович, Игнатенко, 1979; 5. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 6. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Л.Сімановіч

Паведаміць пра недакладнасьць