Пухірнік ягадны (Cucubalus baccifer L., 1753)
Парадак Гваздзікакветныя (Caryophyllales), сямейства Гваздзіковыя (Caryophyllaceae)

Статус. IV катэгорыя. Рэдкі недастаткова вывучаны від, колькасць і стан папуляцый якога выклікаюць трывогу.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прэбарэальны рэліктавы від з дэз'юнктыўным эўразійскім арэалам. Адзіны прадстаўнік старажытнага монатыпічнага роду [1]. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з моцнагалінастым сцяблом вышынёй 60-150 см. Лісце цэльнае, яйкападобна-ланцэтнае, супраціўнае. Кветкі з 5 эеленавата-белымі двухлопасцевымі пялёсткамі і 5 зрослымі чашалісцікамі, якія застаюцца пры пладах. Плод - чорная шарападобная ягада з бліскучым ныркападобным насеннем, не характэрны для сямейства гваздзіковых.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-жніўні, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае. Зацвітае на другі год.
Пашырэнне. Цэнтральныя і паўднёвыя раёны Эўропы, Каўказ, Заходняя Сібір, Сярэдняя Азія, Далёкі Ўсход [2]. У Беларусі адзначаны ў Верхнядзвінскім, Валожынскім, Глыбоцкім, Гарадзенскім, Менскім і Шумілінскім раёнах [3-4]. Раней адзначаны таксама ў наваколлі Горадні, Віцебска і Магілева [5].
Месцы росту. Хмызнякі па ярах і абрывістых берагах рэк.
Характар росту. Расце адзіночнымі экземплярамі і невялікімі групамі, але на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчае асваенне яроў, выпростванне рэк.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску [6].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Налібоцкай пушчы. Спецыяльныя меры аховы не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора СССР, т. 6, 1936; 3. Флора БССР, т. 2, 1949; 4. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 5. Пачоский, 1897; 6. Кухарева, Пашина, 1986.

Г.Зубкевіч

Паведаміць пра недакладнасьць