Баршчэўнік звычайны (Heracleum sphondylium L., 1753)
Парадак Араліякветныя (Araliales), сямейства Сельдэрэйныя (Парасонавыя) (Apiaceae (Umbelliferae))

Статус. IV катэгорыя. Вельмі рэдкі, недастаткова вывучаны від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі горна-таежны від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобным лакалітэце за ўсходняй мяжой пашырэння.
Кароткае апісанне. Двух-, радзей шматгадовая травяністая расліна з галінастым коранем і прамастойным баразнаватым апушаным сцяблом вышынёй 60-150 см. Лісце трайчастае, зверху апушанае, знізу па буйназубчастым краі шурпатае ад дробных шыпаватых валаскоў; бакавыя сегменты лісця на чаранках. Ліставая похва моцна выцягнутая. Суквецце - складаны шматпрамянёвы парасонік. Кветкі белыя. Пялёсткі краявых кветак вельмі выцягнутыя і глыбока надрэзаныя, лопасці іх моцна разыходзяцца. Плады адваротнаяйкападобныя [1].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені. Пладаносіць у ліпені-жніўні. Размнажаецца насеннем.
Пашырэнне. Скандынавія, Сярэдняя і Атлантычная Эўропа. У Беларусі вядома адзінае месцазнаходжанне ў Пухавіцкім раёне [2].
Месцы росту. Зараснікі хмызняку і закуставаныя лугавіны.
Характар росту. Расце адзінкавымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Антрапагенная трансфармацыя зямель, касьба, выпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [3].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў спецыялізаваным батанічным мікразаказніку «Веленскі».
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцыі, выяўленне новых месцаў росту, вырошчванне ў культуры і рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Флора СССР, т. 17, 1951; 2. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 3. Кухарева, Пашина, 1986.

Т.Сауткіна

Паведаміць пра недакладнасьць