Тартэла звілістая (Tortella tortuosa (Hedw.) Limpr., 1890)
Парадак Потыевыя (Pottiales), сямейства Трыхастомавыя (Trichostomaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Аркта-альпійскі кальцафільны від у ізаляваных лакалітэтах за мяжой вобласці суцэльнага пашырэння.
Кароткае апісанне. Дзярнінкі буйныя, часта падушкападобныя, мяккія, жаўтавата-зялёныя, сплеценыя рызоідным лямцам. Сцябло прамастойнае, простае або вілавата разгалінаванае, даўжынёй 2-6 см. Лісце адыходнае, пры яйкападобнай або падоўжанай аснове лінейна-ланцэтнае, вузказавостранае, кілявата-жалабатае, з вельмі хвалістымі, уверсе папілозна-гародчатымі краямі. Жылка простая, выступае з верхавінкі ліста вастрыём. Клеткі ўверсе ліста акругла-квадратныя, вельмі папілозныя, пры аснове ліста - прамавугольныя, бясколерныя, па краі ў выглядзе каймы працягваюцца ўгору. Каробачка на ножцы, прамая або трохі сагнутая, падоўжана-яйкападобная. Перыстом просты. Вечка з касой дзюбкай [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Двухдомны. Звычайна стэрыльны. Размнажэнне вегетатыўнае - верхавінкамі лісця. Спараносіць летам.
Пашырэнне. Цыркумпалярнае - ад арктычнай да падтаежнай зоны паўночнага паўшар'я; у паўднёвым паўшар'і толькі ў Паўднёвай Амерыцы. У Беларусі адзначаны ў Смаргонскім, Браслаўскім (Браслаўскія азёры) раёнах [3].
Месцы росту. Расце ў ельніках асінава-сныцевых і на вапнава-пясчанай гальцы, знойдзены на сценах старых бетонных збудаванняў.
Характар росту. Расце густа, буйнымі дзярнінкамі, але на невялікіх плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Абмежаванае пашырэнне патрэбных месцазнаходжанняў, зніжэнне ступені іх вільгацезабеспячэння.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Знаходзіцца пад аховай рэжыму на тэрыторыі ландшафтнага заказніка «Міжазёрны».
Неабходныя меры аховы. Утварэнне брыялагічнага мікразаказніка для аховы месцазнаходжання віду ў Смаргонскім раёне, дзе сканцэнтраваны комплекс рэдкіх брыяфітаў.

Літ.: 1. Савич-Любицкая, Смирнова, 1970; 2. Мельничук, 1970; 3. Рыковский, Млынарчик, Масловский, 1988.

Г.Рыкоўскі

Паведаміць пра недакладнасьць