Труфля летняя, або летняя чорная труфля (Tuber aestivum Vitt., 1831)
Клас Сумчатыя грыбы (Ascomycetes), парадак Туберальныя (Tuberales), сямейства Труфлевыя (Tuberaceae)

Статус. I катэгорыя. Надзвычай рэдкі, магчыма, зніклы від. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Гіпагейны немаральны лясны від з эўразійскім арэалам. Каштоўны ядомы грыб.
Кароткае апісанне. Пладовае цела дыяметрам да 2-8 см, няправільна-акругленае або клубнепадобнае. Перыдый (абалонка) ад мякаці не аддзяляецца, буйнабародаўчаты, чорна-буры. Бародаўкі цвёрдыя, тупапірамідальныя, з ледзь бачнымі палоскамі, дыяметрам 0,2-1 см. Глеба (мякаць) шчыльнамясістая, са слабым грыбным смакам і прэсным пахам, спачатку белаватая, пры выспяванні жоўта-бурая, на разрэзе з мармуровым малюнкам ад чаргавання светлых (вонкавыя вены) і цёмных звілістых (унутраныя вены) жылак. Сумкі авальна-мешкападобныя, 1-6-споравыя, размешчаны ў слаі, які высцілае вонкавыя вены. Споры 17-24 або 30-45 мкм, шырокаавальныя, амаль шарападобныя, з тоўстай сеткаватай абалонкай, тытунёва-бураватыя [2-5].
Асаблівасці біялогіі. Расце і ўтварае пладовыя целы ў верхнім гумусавым слоі глебы, пад яе паверхняй, у адных і тых жа месцах - «труфельніках». Мікарызны сімбіятроф шыракалістых дрэў. Пладовыя целы выспяваюць у чэрвені-жніўні.
Пашырэнне. Эўразія [1]. У Беларусі адзначаны ў Белавежскай пушчы [6].
Месцы росту. Шыракалістыя лясы з багатай на гумус, асабліва карбанатнай глебай.
Характар росту. Пладовыя целы трапляюцца адзінкавымі экземплярамі або невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змена ўмоў росту пры неспрыяльным уздзеянні антрапагенных фактараў (зацвярдзенне і забруджванне глебы, высечка лесу, нерэгламентаваны збор і г.д.).
Культываванне. Ёсць звесткі аб вопыце развядзення чорнага труфеля ў прыродных умовах у Францыі і Італіі [1].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомага месцазнаходжання, вывучэнне і кантроль за станам папуляцыі, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, забарона несанкцыянаванага збору пладовых цел, увядзенне ў культуру з мэтай захавання генафонду мясцовых папуляцый і наступнага рассялення ў прыроднае асяроддзе.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Жизнь растений, т. 2, 1976; 3. Морочковський и др., 1969; 4. Сержанина, Гапиенко, 1980; 5. Moszer, 1963; 6. Bloński, 1889.

Г.Сяржаніна

Паведаміць пра недакладнасьць