Спарасіс кучаравы, або грыбная капуста (Sparassis crispa Wulf.: Fr., 1821)
Клас Базідыяльныя грыбы (Basidiomycetes), парадак Афілафаральныя (Aphyllophorales), сямейства Спарасісавыя (Sparassidaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога скарачаецца. Уключаны ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Від з дыз'юнктыўным арэалам. Ядомы грыб.
Кароткае апісанне. Пладовае цела дыяметрам 10-35 см, масай да 10 кг, круглаватае, моцнагалінастае, мясістае, падобнае да галоўкі цвятной капусты (адсюль другая назва), у сухім стане рогападобнае, белаватае, крэмава-жоўтае, пазней бурае; шматлікія галінкі лісцепадобныя, хваліста-кучаравыя з зубчастым краем, пакрытыя гіменіем. Тканка белая, валакністая, смакам і пахам нагадвае грэцкі арэх. Ножка кароткая, тоўстая, знаходзіцца ў зямлі. Споры памерам 5-7,5 х 3-5 мкм, эліпсаідальныя, гладкія, з кропляй алею, жаўтаватыя [2-4].
Асаблівасці біялогіі. Пладаносіць у жніўні-лістападзе.
Пашырэнне. Заходняя Эўропа, Летува, Латвія, Украіна, Кабардзіна-Балкарыя, Грузія, Заходняя Сібір, Алтай, Далёкі Ўсход, Паўночная Амерыка. У Беларусі выяўлены ў Камянецкім, Драгічынскім, Пружанскім (Белавежская пушча), Пінскім, Петрыкаўскім і Жыткавіцкім (Прыпяцкі запаведнік), Мазырскім, Лагойскім, Смалявіцкім, Бярэзінскім, Уздзенскім і Стаўбцоўскім раёнах [1-8].
Месцы росту. Расце ў хвойных, пераважна сасновых лясах, каля асновы ствалоў, радзей на свежых пнях, выклікае жоўта-бурую гніль каранёў і асновы ствалоў хвоі.
Характар росту. Трапляюцца адзінкавыя пладовыя целы.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненне ўмоў росту пад уздзеяннем антрапагенных і заагенных фактараў (ушчыльненне глебы, зрэджванне дрэвастою, збор пладовых цел).
Культываванне. Ёсць у калекцыі культур Батанічнага інстытута ў Санкт-Пецярбурзе. Уключаны ў Каталог культур усесаюзнай калекцыі непатагенных мікраарганізмаў і каталог (СВ) Нідэрландаў. Дае багатую біямасу ў глыбіннай культуры [1].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы і Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніку.
Неабходныя меры аховы. Забарона збору пладовых цел, абвяшчэнне вядомых месцаў росту пасля рэвізіі іх стану мікалагічнымі мікразаказнікамі, увядзенне ў калекцыі чыстых культур для захавання генафонду мясцовых папуляцый і наступнага развядзення ў прыродных умовах.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Пармасто, 1965; 3. Грибы, 1984; 4. Jєulich, 1984; 5. Любарский, Васильева, 1975; 6. Визначник грибів..., 1972; 7. Mazelaitis, 1976; 8. Сержанина, Яшкин, 1986.

А.Галаўко

Паведаміць пра недакладнасьць