Грыфала кучаравая, або грыб-баран (Grifola frondosa (Dicks.: Fr.) S.F. Gray, 1821)
Клас Базідыяльныя грыбы (Basidiomycetes), парадак Афілафаральныя (Aphyllophorales), сямейства Албатрэлавыя (Уласна губавыя грыбы) (Albatrellaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці і на абмежаваных тэрыторыях. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы від. Дэкаратыўны малавядомы ядомы грыб.
Кароткае апісанне. Пладовае цела дыяметрам да 1 м і масай да 10-20 кг. Складаецца з паўторна-галінастых пянькоў з агульнай асновай, якія на канцах пераходзяць у плоскія шапкі. Шапкі шматлікія, паўкруглыя, шырынёй 4-10 см, клінападобна звужаныя ў пянёк, мясіста-скурыстыя. Паверхня іх радыяльна-маршчакаватая, шурпатая, жаўтавата-шэрая ці шаравата-бурая. Тканка белая, валакніста-мясістая, з прыемным смакам. Трубачкі кароткія, зыходныя; поры акруглыя, іншы раз няправільныя. Гіфы тканкі таўста- і танкасценныя, дыяметрам 3-9 мкм; цыстыдаў няма. Споры гладкія, бясколерныя, шырокаэліпсоідныя, з зярністым змесцівам [2-5].
Асаблівасці біялогіі. Фітапатагенны грыб. Грыбніца яго жыве ў каранях і ствалах дрэў на працягу многіх гадоў. Утварае белую стрыжнёвую гніль з шматлікімі поласцямі, запоўненымі белай ватападобнай грыбніцай. Пладовыя целы за 8-10 сутак дасягаюць 1 м у дыяметры і масы да 20 кг; з'яўляюцца ў ліпені-верасні. Мае прыемны пах і смак арэха.
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Амерыка, Аўстралія. У Беларусі знойдзены ў Пружанскім (Белавежская пушча), Барысаўскім, Чэрвеньскім і Жыткавіцкім раёнах [1-7].
Месцы росту. Шыракалістыя і хвойна-шыракалістыя лясы. Расце пры аснове старых ствалоў дубу, грабу, вязу, клёну, значна радзей - сасны.
Характар росту. Трапляюцца адзінкавыя экземпляры.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Збор пладовых цел.
Культываванне. Занесены ў Каталогі чыстых культур Нідэрландаў і Германіі [1].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніку, а таксама ў Жыткавіцкім батанічным заказніку.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне ў вядомых месцах росту спецыялізаваных мікалагічных мікразаказнікаў, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў калекцыі чыстых культур для захавання генафонду мясцовай папуляцыі і наступнага рассялення ў прыроднае асяроддзе, забарона несанкцыянаванага збору пладовых цел.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Бондарцев, 1953; 3. Горленко, Бондарцева и др., 1980; 4. Domański..., 1967; 5. Головко, 1968; 6. Грибы, 1984; 7. Вимба, Эрдмане, 1968.

А.Галаўко

Паведаміць пра недакладнасьць