Махавік чырванеючы, або рубінава-ружовы (Xerocomus rubellus (Krombh.) Quel., 1888)
Клас Базідыяльныя грыбы (Basidiomycetes), парадак Балетальныя (Boletales), сямейства Балетавыя, або Трубчастыя (Boletaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці і на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Немаральны від з эўразійска-афрыканскім арэалам. Дэкаратыўны малавядомы ядомы грыб.
Кароткае апісанне. Шапка дыяметрам 3-6 [8] см, пукатая, потым пляскатая, тонкаапушаная, іншы раз са шчылінкамі, вішнёва-чырвона-бурая або ружова-бураватая, звычайна з аліўкавым адценнем. Мякаць жоўтая, на разрэзе ў ножцы злёгку зелянее. Трубачкі прырослыя, з вуглаватымі порамі, жоўта-аліўкавыя, пры дотыку зелянеюць. Ножка памерам 4-8 х 1-2 см, суцэльная, роўная, каля трубачак жоўтая, каля асновы з вішнёва-чырвоным адценнем. Споры 8-15 х 4-6 мкм, падоўжана-эліпсаідальныя, гладкія, жоўта-аліўкавыя [1-5].
Асаблівасці біялогіі. Мікарызны сімбіёнт дуба, граба, магчыма ляшчыны. Пладаносіць ва ўмовах умеранага ўвільгатнення. Пладовыя целы з'яўляюцца ў ліпені-верасні.
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Афрыка. У Беларусі знойдзены паблізу в. Леніна ў Жыткавіцкім раёне і ў Асіповіцкім раёне на Жорнаўскай лясной доследнай станцыі [1, 4, 5].
Месцы росту. Дубравы і іншыя шыракалістыя лясы.
Характар росту. Пладаносіць адзінкавымі пладовымі целамі і невялікімі групамі. Адзначана зніжэнне колькасці плоданашэнняў.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змена ўмоў росту пад уздзеяннем антрапагенных фактараў (зацвярдзенне глебы, зрэджванне дрэвастою, нерэгламентаваны збор пладовых цел і т.п.).
Культываванне. Звесткі адсутнічаюць.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца на тэрыторыі Ленінскага паляўнічага заказніка.
Неабходныя меры аховы. Стварэнне ў месцах росту віду спецыялізаваных мікалагічных мікразаказнікаў, увядзенне ў культуру для захавання генафонду мясцовых папуляцый і наступнага развядзення ў прыродных умовах, забарона несанкцыянаванага збору пладовых цел.

Літ.: 1. Сержанина, 1984; 2. Michael, Hennig, 1960; 3. Moszer, 1978; 4. Pilat, Dermek, 1974; 5. Skirgiello, 1960.

Г.Сяржаніна

Паведаміць пра недакладнасьць