Нітэла грацыёзная (Nitella gracilis (Smith) Ag., 1824)
Аддзел Харавыя водарасці (Charophyta), клас Харафіцыевыя (Charophyceae), парадак Харавыя (Charales), сямейства Нітэлавыя (Nitellaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від з абмежаваным пашырэннем.
Значэнне ў захаванні генафонду. Від з высокай ступенню марфалагічнай зменлівасці. Добры індыкатар наяўнасці ў асяроддзі таксічных рэчываў. Аб'ект лабараторных даследаванняў.
Кароткае апісанне. Зялёная, іншы раз жаўтаватых або карычневых адценняў расліна. Талом ніткападобны, кусціста-галінасты, 0,3-0,6 мм у дыяметры, 5-20 см вышынёй, членіста-кальчаковай будовы, падзелены на вузлы і міжвузеллі, прымацаваны да дна рызоідамі. Міжвузеллі - адна выцягнутая цыліндрычная клетка - голыя, без кары і прылісткаў. Вузлы складаюцца з папярочнага слоя клетак. Бакавыя парасткі («лісце») адыходзяць ад вузлоў і будовай паўтараюць талом. Лісты па 5-7 у кальчаку, правільна 2-3-кратна вілаватыя. Першыя ліставыя членікі найбольш доўгія (да паловы ўсяго «ліста»), другія ў ліку 3-6, трэція - 3-4, з якіх 1-3 яшчэ раз галінуюцца, утвараючы чацвёртыя ліставыя членікі ў ліку 3-4. Канечныя членікі 2-3-клетачныя. Верхавінкавая клетка канічна завостраная. Мноства ліставых членікаў 2-3 парадкаў стварае ўражанне махнатасці [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Аднадомная расліна. Полавыя органы размешчаны на вузлах разгалінаванняў: антэрыдый апікальна, а аагоній - ніжэй яго, з боку. Выспяванне ааспор адбываецца звычайна на працягу лета да глыбокай восені і нават да пачатку зімы. Спелыя ааспоры прарастаюць, відаць, увесну.
Пашырэнне. У вадаёмах усіх краін і кантынентаў. Трапляецца ў некаторых раёнах Эўрапейскай часткі, у Заходняй Сібіры, на Далёкім Усходзе і ў Сярэдняй Азіі. У Беларусі выяўлена ў Наваградскім раёне - возера Свіцязь, а таксама ў Лунінецкім - возера Белае [2, 3].
Месцы росту. Расце пераважна ў прэснай, слабашчалачной і сярэднежорсткай вадзе, але трапляецца ў вадаёмах і з саланаватай і моцна жорсткай вадой [1], часцей на мяккіх глеістых грунтах, радзей у вадаёмах з пясчаным дном, пераважна ў чыстай спакойнай вадзе.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі і адзіночнымі экземплярамі на абмежаванай плошчы.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне вадаёмаў і прамысловае рыбалоўства.
Культываванне. Культывуецца ў лабараторных умовах.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў ландшафтных заказніках «Свіцязянскі» і «Белае».
Неабходныя меры аховы. Папярэджванне забруджвання і змянення гідралагічнага і гідрахімічнага рэжымаў вадаёмаў, забарона прамысловай лоўлі рыбы сеткамі, невадамі і траламі, выяўленне новых месцаў росту.

Літ.: 1. Голлербах, Красавина, 1983; 2. Энцыклапедыя прыроды Беларусі, т. 4, 1985; 3. Парфенов, 1989.

Т.Міхеева

Паведаміць пра недакладнасьць