Акультызм (ад лац. occultus - патаемны, скрыты). Калі чуем гэта слова, то ў памяці ўзнікаюць вядзьмаркі, чарадзеі і іншыя носьбіты нячыстай сілы. Акультызм - агульная назва вучэнняў і поглядаў, якія прызнаюць існаванне звышнатуральных, не даступных навуковаму даследаванню феноменаў і сіл у чалавеку і космасе. Узнік у антычнасці, як паняцце «акультны» ўпершыню выкарыстаны ў 16 ст. З таго часу акультызм імкнецца злучыць матэрыялістычны светапогляд і рэлігійную веру, выдае сябе за навуку, якая можа пранікнуць у сутнасць рэчаў, зразумець тайны будовы свету і чалавека, стварыць суцэльны светапогляд. Розныя віды акультызму ў якасці асновы ўсяго існага прызнаюць якое-небудзь бажаство і тым самым зводзяць у зман чалавека ў яго імкненні пазнаць і рэфармаваць навакольную рэчаіснасць. Лічыцца даступным толькі тым, хто прайшоў спецыяльную псіхічную трэніроўку. Да акультных вучэнняў адносяцца магія, астралогія, спірытызм, тэасофія, парапсіхалогія, тэлепатыя, празорлівасць, ёга і інш. У філасофскім плане акультызм блізкі да гілазаізму і пантэізму. На розных этапах развіцця культуры стаўленне навукі, філасофіі, рэлігіі, мастацтва да акультызму мянялася.