Амаралізм (ад грэч. a - адмоўная часціца + лац. moralis - маральны). Калі мы чуем, што нехта зрабіў амаральны ўчынак, то адразу разумеем: здзейсненае гэтым чалавекам не адпавядае маральным нормам. Амаралізм - гэта адмаўленне агульнапрынятых нормаў маралі і абвяшчэнне разбэшчанасці, распусты нормай паводзін чалавека ў грамадстве. Ён мае розныя формы праявы і можа быць абумоўлены маральнай недасканаласцю чалавека або пэўнымі сацыяльнымі супярэчнасцямі, якія прыводзяць да дэградацыі цэлых слаёў грамадства і духоўнага распаду асобы. Амаралізм можа праяўляцца ў выглядзе адкрытага цынізму, чалавеканенавісніцтва, беспрынцыповасці, свядомага парушэння маральных нормаў пры задавальненні эгаістычных інтарэсаў (эгаізм) або, наадварот, у псеўдагуманнай цярплівасці да злачынных, антыграмадскіх дзеянняў іншых людзей. Калі хто-небудзь прызнае нармальным і законным выкарыстанне любых, у т.л. і амаральных, сродкаў для дасягнення быццам бы маральнай мэты або аддае перавагу дэмагогіі, а не сапраўднай справе, то гэта таксама з'яўляецца амаральным. Як пэўная жыццёвая пазіцыя амаралізм узнік у рабаўладальніцкім грамадстве. У выніку разбурэння традыцыйных грамадскіх устояў і адносін амаралізм стаў праяўляцца ў прызнанні поўнай умоўнасці і адноснасці любых маральных прынцыпаў і нормаў, у адмоўных адносінах да каштоўнасцей культуры. У перыяд крызісу ці заняпаду пэўнай грамадскай сістэмы амаралізм асабліва пашыраецца ў паводзінах, настроі, думках людзей і ў этычных тэорыях, а таксама ў карумпаванасці ўлады, хабары, «ценявой эканоміцы», разбурэнні навакольнага асяроддзя і г.д.