Амбівалентнасць (ад лац. ambo - абодва + valentia - сіла), дваістасць успрымання і перажывання, калі адзін і той жа аб'ект выклікае ў чалавека процілеглыя пачуцці і ацэнкі (задавальненне і незадаволенасць, сцвярджэнне і адмаўленне). Тэрмін «амбівалентнасць» увёў у 1930 швейцарскі псіхіятр Э.Блейлер для вызначэння супярэчлівага стану. Расейскі літаратуразнавец М.Бахцін надаў яму значэнне эстэтычнага паняцця. Амбівалентнасць выявілася ў народнай і неафіцыйнай культуры эпохі сярэднявечча і Адраджэння, у фальклоры, народным мастацтве. Амбівалентныя вобразы, сюжэты і матывы характэрныя для беларускай і іншай архаічнай міфалогіі, спалучэнняў разнародных элементаў у мастацкай творчасці (прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага). Амбівалетныя гратэск і сімволіка ёсць у творчасці Ф.Рабле, М.Сервантэса, М.Гогаля, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы. У класічным мастацтве і беларускім нацыянальным фальклоры амбівалентнасць выкарыстоўваецца як дасціпны і шматзначны сродак, спалучэнне прыкмет эпічнага героя і камічнага дублёра ў чарадзейных казках і легендах, народным тэатры, прыказках і прымаўках, літаратурна-мастацкіх травесціцыях і пародыях (камедыі, інтэрмедыі 17-18 ст., ананімныя творы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»). У сучасным мастацтве яна найчасцей прысутнічае ў сатырычных жанрах (творы А.Макаёнка, ананімная паэма «Сказ пра Лысую гару»), у цыркавой клаунадзе і інш.