Антаганізм, ідэйнае, палітычнае, маральнае і іншае процістаянне супрацьлеглых сіл; адна з формаў супярэчнасцей у прыродзе і грамадстве. Антаганізму характэрны непрымірымы канфлікт процістаячых сіл, з'яў, тэндэнцый развіцця. Катэгорыя «антаганізм» ужываецца ў біялогіі і матэматыцы, у грамадскіх навуках, у т.л. сацыяльнай філасофіі (тэорыі класаў і класавай барацьбы, грамадска-эканамічных фармацый, цывілізацый, культур), паліталогіі (канфлікт паміж дэмакратыяй і таталітарызмам), гуманістычных і рэлігійна-маральных філасофскіх вучэннях (барацьба ліній дабра і зла, плоці і духу). У развіцці сучаснай цывілізацыі, калі супярэчнасці паміж ёй і прыродай усё больш нарастаюць, адзначаецца антаганізм двух падыходаў да прыроды: спажывецкага (прымат непадзельнага панавання чалавека над наваколлем) і рэгенерацыйнага (прымат гарманічнага ўзаемадзеяння грамадства з прыродай).