Апазіцыя (ад лац. oppositio - проціпастаўленне, пярэчанне), 1) супраціўленне, нязгода, процідзеянне, проціпастаўленне адных поглядаў, палітыкі іншым поглядам, палітыцы. 2) Агульная назва партый, арганізацый, грамадскіх рухаў і аб'яднанняў, дзейнасць і погляды якіх проціпастаўлены поглядам большасці або пануючай думцы. Існуе ў парламентах, партыях. Парламенцкая апазіцыя складаецца з партый і палітычных груп, якія не маюць большасці месцаў у парламенце і не ўдзельнічаюць у фармаванні ўрада. Па шэрагу пытанняў выступае супраць палітыкі ўрада, з крытыкай яго дзеянняў. Можа фармаваць ценявы кабінет міністраў на выпадак прыходу да ўлады. Унутрыпартыйная апазіцыя - партыйныя групоўкі, якія па некаторых прынцыповых пытаннях палітыкі партыі выступаюць са сваім пунктам гледжання і праграмай дзеяння, супрацьстаяць прынятаму большасцю курсу партыі, яго кіраўніцтву. Можа разглядацца як аснова для ўтварэння новай партыі. Апазіцыя - неабходная ўмова мірнага, здаровага развіцця грамадства. У беларускім парламенце ўпершыню пра стварэнне апазіцыі было абвешчана ў 1990 на 1-й сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі.