Апека, адна з формаў абароны правоў і інтарэсаў грамадзян. Апеку і апякунства часцей устанаўліваюць над непаўналетнімі, а часам і дарослымі (паўналетнімі). У першым выпадку гэта спосаб забяспечыць выхаванне непаўналетніх і абараніць іх законныя інтарэсы, калі бацькі памерлі, пазбаўлены бацькоўскіх правоў ці хворыя. Апека ўстанаўліваецца над дзецьмі ва ўзросце да 15 гадоў, а апякунства - ад 15 да 18 гадоў. У выніку назначэння апекі або апякунства непаўналетні трапляе ў сям'ю, якая павінна замяніць яму родную. Над дарослымі апека і апякунства ўстанаўліваюцца, калі яны па стане здароўя не могуць самастойна карыстацца сваімі правамі і выконваць свае абавязкі. Апякунства ўстанаўліваецца над дзеяздольнымі паўналетнімі асобамі, якія па стане здароўя (напрыклад, бязрукія, сляпыя) не маюць магчымасці ўласнымі дзеяннямі рэалізаваць свае правы (напрыклад, падпісваць дагаворы) і выконваць свае абавязкі. Апекуны (тыя асобы, што ажыццяўляюць апеку) прызначаюцца асобам, якія абмежаваны судом у дзеяздольнасці ў сувязі са злоўжываннем спіртнымі напіткамі або наркатычнымі рэчывамі.

Органамі апекі і апякунства з'яўляюцца выканкомы раённых, гарадскіх, раённых у гарадах, пасялковых і сельскіх Саветаў дэпутатаў. Яны па заявах адпаведных асоб устанаўліваюць і адмяняюць апекуноў ці вызваляюць іх ад выканання абавязкаў. У раённых і гарадскіх Саветах рэалізацыя функцый па апецы і апякунстве ўскладзена непасрэдна на аддзелы народнай асветы ў адносінах да непаўналетніх, на аддзелы аховы здароўя - у адносінах да недзеяздольных або абмежавана дзеяздольных, на аддзелы сацыяльнай абароны - у адносінах да дзеяздольных, якім патрэбна дапамога апекуна па стане здароўя. Выканкомы ж сельскіх і пасялковых Саветаў адначасова з'яўляюцца органамі апекі і апякунства і непасрэдна выконваюць адпаведныя функцыі. Апека і апякунства рэгулююцца Кодэксам аб шлюбе і сям'і Беларусі.

Паведаміць пра недакладнасьць