Астралогія, вучэнне, якое сімвалічнай мовай апісвае суперпазіцыю ўплыву планет і зорак на жыццё прыроды, зямлі і яе жыхароў. У яе аснову пакладзены прынцыпы цыклічнасці і рэзанансу (адлюстроўвае заканамернасці ўзаемадзеяння розных цыклаў). Зарадзілася ў глыбокай старажытнасці. Была звязана з астральным культам, з'яўлялася часткай рэлігіі, з яе дапамогай рабіліся прадказанні будучыні. У Старажытным Эгіпце, Міжрэччы назіранні за нябеснымі целамі праводзілі ўжо каля 20 тыс. гадоў таму назад. У сярэднявеччы ўваходзіла ў лік сямі вольных навук, выкладалася ва ўніверсітэтах. У Рэчы Паспалітай кафедра астралогіі была ў Кракаўскім універсітэце. Сучасная астралогія падзяляецца на генетліалогію (разглядае ўплыў планет, знакаў задыяка, розных аб'ектаў на характар і лёс чалавека), сусветную астралогію (уплыў астралагічных аб'ектаў на дзяржавы, рэгіёны, гарады), метэаралагічную астралогію (уплыў астралагічных аб'ектаў на надвор'е), паўсядзённую астралогію (залежнасць найбольш зручных момантаў ад размяшчэння астралагічных аб'ектаў для здзяйснення штодзённых спраў чалавека). У рамках космабіялогіі вывучае сувязь Зямлі і Космасу, уплыў касмічных цыклаў на здароўе чалавека, яго біярытмічную актыўнасць.