Бежанцы. Упершыню гэты тэрмін з'явіўся ў міжнародным праве пасля 1-й сусветнай вайны 1914-1918 для вызначэння асоб, якія былі выселены ўладамі напярэдадні ваенных дзеянняў ці пакінулі месцы свайго пражывання пад пагрозай захопу іх непрыяцелем. У далейшым праблема бежанцаў неаднойчы набывала асаблівую вастрыню (напрыклад, у выніку захопу ўлады фашыстамі ў Германіі, агрэсіўных войнаў ЗША ў Карэі і Індакітаі, Ізраіля супраць арабскіх краін і народа Палесціны). З мэтай вырашэння гэтай праблемы 25.07.1951 у Жэневе шэраг эўрапейскіх дзяржаў падпісалі Канвенцыю аб статусе бежанцаў, у адпаведнасці з якой да гэтай катэгорыі аднесены і т.зв. перамешчаныя асобы, гвалтоўна вывезеныя ў час 2-й сусветнай вайны 1939-1945 гітлераўцамі з акупаваных тэрыторый для выкарыстання ў якасці таннай рабочай сілы. У рамках ААН у 1951 заснавана і функцыянуе Кіраўніцтва вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў. У 1967 падпісаны Пратакол, паводле якога Канвенцыя 1951 пашырана і на асоб, якія сталі бежанцамі ў выніку падзей, што адбыліся пасля 1951. СССР не далучаўся ні да Канвенцыі, ні да Пратакола, матывуючы гэта тым, што пад выглядам бежанцаў у некаторых краінах хаваліся ваенныя і крымінальныя злачынцы. Пасля распаду СССР на тэрыторыях некаторых новаўтвораных дзяржаў (былых саюзных рэспублік) узніклі міжнацыянальныя канфлікты і ваенныя дзеянні, якія выклікалі новую хвалю бежанцаў. Вярхоўны Савет Беларусі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй дзяржавы і агульнапрызнанымі нормамі міжнароднага права 27.02.1995 прыняў закон «Аб бежанцах» (уведзены ў дзеянне з 01.07.1995), якім вызначаны паняцце і статус бежанцаў, створана Дзяржаўная міграцыйная служба Беларусі.
Такім чынам, паняцце «бежанцы» ахоплівае асоб, якія не з'яўляюцца грамадзянамі гэтай краіны і прыбылі на яе тэрыторыю, вымушаныя пакінуць дзяржаву свайго ранейшага месцажыхарства з прычыны абгрунтаванай асцярогі стаць ахвярай праследаванняў па палітычных, расавых, рэлігійных матывах або ў выніку ўзброеных дзеянняў ці іншых надзвычайных сітуацый, і не атрымалі грамадзянства іншай дзяржавы.