Біясфера (ад грэч. bios - жыццё + sphaira - шар). Зараджэнне жыцця на Зямлі, якое азнаменавала з'яўленне якасна новай формы арганізацыі і руху матэрыі, стала зыходным пунктам у эвалюцыі ўсёй прыроды і ў гісторыі нашай планеты. Узнікненне жывой матэрыі істотна змяніла характар геахімічных працэсаў на Зямлі. Бесперапынным узаемадзеяннем з рэчывам і энергіяй навакольнага асяроддзя, жывыя арганізмы ператварыліся ў магутны фактар геалагічных змяненняў. Паступова сфармавалася прыродная сфера, у якой галоўную ролю стала выконваць жывое рэчыва. Гэта прыродная сфера атрымала назву біясфера. Агульнае вучэнне пра біясферу стварыў расейскі вучоны Ў.І.Вярнадскі, які развіў ідэю аб комплексным прыродна-гістарычным вывучэнні складаных прыродных аб'ектаў разнаякаснай структуры. Біясфера - гэта складаны прыродны аб'ект, які ўключае ўсё жывое і генетычна звязанае з ім неарганічнае рэчыва; гэта зямная абалонка, якая ахоплена жыццём і валодае ў сувязі з гэтым своеасаблівай геалагічнай і фізіка-хімічнай арганізаванасцю. Яна неаднародная і нераўнамерна ўпісваецца ў геалагічныя ўмовы Зямлі (акіяны, горы, раўніны). У ёй адбываюцца складаныя працэсы міграцыі рэчыва і энергіі, якія абумоўліваюць эвалюцыю жывых арганізмаў і адпаведнае яе змяненне. Вучэнне пра біясферу ахоплівае ўсе ўзроўні ўзаемадзеяння жывога рэчыва з навакольным светам: ад сувязі біясферна-планетарных з'яў з касмічнымі выпрамяненнямі да глабальных вынікаў вытворчай дзейнасці чалавецтва для жыцця на Зямлі. Тэхнагенез, разумнае ператварэнне прыроды ствараюць перадумовы для пераходу біясферы ў новы стан - наасферу. Аднак глабальны ўплыў чалавека на біясферу пакуль што дае шматлікія прыклады разбуральнага ўздзеяння, якое пагражае экалагічнай катастрофай (гл. Экалогія), таму праблема «біясфера і чалавецтва» з'яўляецца сёння агульнапланетарнай праблемай разумнага вядзення зямных спраў у імя захавання жыцця на Зямлі.