Вайна, гэта, бадай, самае жахлівае з усіх бедстваў: яна нясе людзям пакуты, разбурэнні, смерць, а часта - і заняволенне народаў пераможаных краін. Паводле ацэнак спецыялістаў, усяго ў гісторыі зафіксавана больш як 14,5 тыс. войнаў, якія ўзялі каля 4 млрд. чалавечых жыццяў. І тым не менш войны амаль не спыняюцца. Асабліва жорсткія яны сталі ў нашу эпоху, у 20 ст. 1-я сусветная вайна (1914-1918) працягвалася амаль 4 з паловай гады. У ёй удзельнічала больш як 30 дзяржаў, забіта і памерла ад ран 13,6 млн. чалавек, матэрыяльныя страты склалі 360 млрд. даляраў. Амаль за 6 гадоў 2-й сусветнай вайны (1939-1945), у якой удзельнічала больш як 60 дзяржаў, забіта і памерла ад ран больш як 50 млн. чалавек, матэрыяльныя страты дасягнулі 4 трыльёнаў даляраў. Французскі вучоны-фізік і змагар за мір Ф.Жаліо-Кюры падлічыў, што сродкаў, якія выдаткоўваліся толькі за 1 месяц 2-й сусветнай вайны, хапіла б на арашэнне самай вялікай у свеце пустыні Сахара. Непазбежнымі вынікамі вайны, як правіла, з'яўляюцца: анексіі - прымусовы захоп агрэсарам усёй ці часткі тэрыторыі пераможаных краін ці народаў; кантрыбуцыі - грашовыя сумы, якія пераможаныя дзяржавы выплачваюць дзяржавам-пераможцам; рэпарацыі - від матэрыяльнай адказнасці дзяржавы за страты, прычыненыя дзяржаве ў выніку ваеннай агрэсіі.

З даўніх часоў у міжнародных адносінах прызнавалася права на вайну, паводле якога свае інтарэсы можна было адстойваць і ўзброеным шляхам. Фактычна гэта быў дыктат сілы: лічылася, што пераможцаў не судзяць. Пазней з улікам трагічнага вопыту войнаў, асабліва дзвюх сусветных, адносіны да вайны набылі асуджальна-пакаральны характар. У статуце ААН (арт. 51) замацаваны прынцып забароны войнаў; дамагацца сваіх правоў неабходна шляхам перагавораў, а не ўзброенай сілы. 29-я сесія Генеральнай асамблеі ААН (1974) прыняла спецыяльную рэзалюцыю «Аб вызначэнні агрэсіі», паводле якой агрэсія - гэта незаконнае выкарыстанне дзяржавай узброенай сілы супраць суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці ці палітычнай незалежнасці іншай дзяржавы. У гэтай рэзалюцыі падкрэслена, што агрэсарам з'яўляецца той, хто нападае першы.

Для дзяржавы-агрэсара прадугледжана палітычная і матэрыяльная адказнасць: часовае абмежаванне яе суверэнітэту (напрыклад, поўная ці частковая дэмілітарызацыя), адказнасць за прычыненыя страты (выплаты рэпарацый, вяртанне нарабаванай маёмасці і інш.). Асобы, вінаватыя ў планаванні, падрыхтоўцы і развязванні вайны (агрэсіі), нясуць за гэта крымінальную адказнасць. Такая адказнасць была прадугледжана ў рашэннях Крымскай і Патсдамскай канферэнцый (1945) дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі і замацавана ў статутах Нюрнбергскага і Такійскага міжнародных трыбуналаў (1945). Гэта мера пакарання была выкарыстана ў адносінах да ваенных злачынцаў фашысцкай Германіі і мілітарысцкай Японіі, якія развязалі 2-ю сусветную вайну.

Паводле рашэнняў ААН, міжнароднае супольніцтва прымае санкцыі і нават ваенныя акцыі супраць краін, якія ўчыняюць ваенныя напады на іншыя дзяржавы; дапамагае краінам, якія падвяргаюцца агрэсіі, у іх справядлівай вайне за сваю свабоду і незалежнасць. І ўсё ж у розных рэгіёнах свету не затухаюць рэгіянальныя ваенныя канфлікты (т.зв. «гарачыя кропкі»), а на ваенныя рыхтаванні затрачваюцца надзвычай вялікія сродкі (гл. Ваенна-прамысловы комплекс, Узброеныя сілы).

Аднак у арсеналах буйных дзяржаў назапашана такая колькасць ядзернай і іншай зброі масавага паражэння, што яе хапіла б, каб знішчыць усё жывое на зямлі. У гэтых умовах лічыць вайну сродкам палітыкі, як было раней, легкадумства і самазабойства. Вайна - гэта сацыяльная з'ява, якая ўяўляе сабой адну з формаў вырашэння грамадска-палітычных, эканамічных, ідэалагічных, а таксама нацыянальных, рэгіянальных, тэрытарыяльных і іншых супярэчнасцей паміж дзяржавамі, народамі, нацыямі, класамі і сацыяльнымі групамі сродкамі ўзброенага насілля. Але сёння войны не толькі не з'яўляюцца фатальна непазбежнымі, але пастаўлены сусветным супольніцтвам па-за законам. Мір і супрацоўніцтва - адзіны шлях для захавання і развіцця чалавечай цывілізацыі.

Тэрыторыя Беларусі з-за яе геаграфічнага размяшчэння была арэнай шматлікіх войнаў. У час Другой сусветнай вайны яна 3 гады была акупавана нямецкімі фашыстамі, якія ўстанавілі тут жорсткі рэжым: створана 260 лагераў смерці, праведзена 140 карных аперацый, спалена і разбурана 209 гарадоў (больш як 8 млн. м2 жылога фонду), 9200 вёсак, 1,2 млн. дамоў, 10 тыс. прадпрыемстваў, знішчана 2 млн. 200 тыс. чалавек, 380 тыс. чалавек вывезена на работы ў Германію; разам з насельніцтвам спалена 628 вёсак, у тым ліку в. Хатынь у Лагойскім раёне, дзе створаны сусветна вядомы мемарыяльны комплекс. Таму Беларусь як сябра ААН актыўна падтрымлівае намаганні народаў свету за прадухіленне і спыненне войнаў, ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз'ядзернай зонай, а дзяржаву - нейтральнай. Прапаганда вайны, паводле нацыянальнага заканадаўства, з'яўляецца злачынствам і праследуецца ў крымінальным парадку.

Паведаміць пра недакладнасьць