Велікадушнасць, маральная якасць; форма праяўлення душэўных якасцей у паўсядзённых адносінах паміж людзьмі, пры якой гуманнасць пераўзыходзіць меру агульнапрынятых нормаў або выяўляецца ў адносінах да тых, хто яе не заслугоўвае. Велікадушнасць заснавана на народных гуманістычных традыцыях, рэлігійных вучэннях і розных маральна-этычных канцэпцыях гуманістычнага кірунку. У хрысціянскай маралі яна разумеецца як усёдараванне. У адпаведнасці з гэтым прынцыпам чалавек павінен дараваць усе грахі і дрэнныя ўчынкі, «не помніць зла», «любіць ворагаў сваіх». У маральнай свядомасці грамадства велікадушнымі лічацца ўчынкі, заснаваныя на гуманных адносінах да людзей: самаахвяраванне для інтарэсаў іншых; добрыя, чалавечныя адносіны да пераможаных, палонных; адмова ад патрабавання пакараць таго, хто здзейсніў злачынства і інш. Адваротным бокам велікадушнасці з'яўляецца адсутнасць патрабавальнасці да людзей, патуранне, беспакаранасць, што вядзе да парушэнняў законнасці, росту злачыннасці і дэзарганізацыі грамадства. Велікадушнасць у дачыненні да злачынцаў павінна праяўляцца толькі ў выключных выпадках: да тых, у каго яшчэ не сфармавалася маральная свядомасць або хто здзейсніў антыграмадскі ўчынак ненаўмысна і да т.п.

Паведаміць пра недакладнасьць