Вернасць, маральная якасць, якая характарызуе духоўны стан асобы і вызначае лінію яе паводзін. Людзі са старажытных часоў высока цанілі стойкасць, нязменлівасць пачуццяў і адносін, выкананне абавязкаў перад людзьмі і грамадствам. Бытуе думка, што вернасць - дабро для таго, каму адданы другі чалавек, але нялёгкая ноша для таго, хто адданы. Сапраўды, вернасць - адна з умоў сумеснага жыцця і дзейнасці людзей, яна высока цэніцца ў грамадстве. Адданасць чалавека справам і інтарэсам блізкіх яму людзей, калектыву, сацыяльнай групы, грамадства ў цэлым, абавязковасць у выкананні сваіх абяцанняў і абавязкаў, пастаянства ў адносінах з сям'ёй, сябрамі -- усе гэтыя праяўленні вернасці робяць чалавека прывабным. Але не менш важная вернасць і для самога чалавека, фармавання яго духоўнага свету, вызначэння цэласнасці жыццёвага шляху. Пачынаючы з вернасці канкрэтнаму чалавеку (сябру, каханай, бацькам, настаўніку), яна становіцца прынцыпам адносін чалавека да сваёй справы, Радзімы, свайго народа. Ва ўсіх сваіх праявах вернасць можа аказацца нялёгкай і нават непасільнай задачай для чалавека. Калі маральныя прынцыпы яго няўстойлівыя, калі ўчынкі, нават і добрыя, ён здзяйсняе пад уздзеяннем імгненнага настрою, уласных інтарэсаў, не супастаўляючы іх з патрабаваннямі маралі, то любая сітуацыя, у якой яго інтарэсы сутыкаюцца з неабходнасцю падпарадкоўвацца абавязку, можа стаць крытычнай. Кампрамісы з сумленнем непазбежна вядуць да маральнага распаду асобы, што пацвярджае вопыт многіх пакаленняў людзей, якія разглядаюць вернасць як адну з галоўных маральных якасцей чалавецтва.

Паведаміць пра недакладнасьць