Галоснасць, гэта свабода слова і друку; права любога грамадзяніна звярнуцца ў любы дзяржаўны орган і атрымаць адказ па сутнасці пытання; магутная перашкода на шляху лжывых чутак, разнастайных маніпуляцый, паклёпаў, скажэння сапраўднага сэнсу фактаў і з'яў; адзін з найважнейшых прынцыпаў жыццядзейнаці дэмакратычнага грамадства. Галоснасць патрабуе ад уладных структур адкрытай, праўдзівай, публічнай інфармацыі па ўсіх важных пытаннях працы дзяржаўных органаў, іх планах, намерах, рашэннях, акцыях. Сюды ўваходзіць неабходная народу праўда аб прыродных і прамысловых катастрофах, пра становішча ў эканоміцы, памеры ваеннага бюджэту, пра сістэму прывілеяў і льгот, пра злачыннасць, змену кіраўнікоў і г.д. Патрабаванні да галоснасці, яе межы вызначаюцца адпаведным заканадаўствам і павінны ўзгадняцца з настроямі, жаданнямі і імкненнямі грамадзян. З дыяпазону галоснасці выключаецца толькі сфера дзяржаўных сакрэтаў.

Паведаміць пра недакладнасьць