Генацыд (ад грэч. genos - род, племя + лац. caedo - забіваю), знішчэнне асобных груп насельніцтва па расавых, нацыянальных або рэлігійных матывах; адно з найцяжэйшых злачынстваў супраць чалавецтва.

Злачынствы генацыду здзяйсняліся ў масавых маштабах у час 2-й сусветнай вайны ў акупаваных краінах Эўропы, асабліва супраць славянскага і жыдоўскага насельніцтва. Мільёны людзей розных нацыянальнасцей гітлераўцы знішчалі ў канцэнтрацыйных лагерах і лагерах смерці, турмах, гета, у час карных аперацый і інш. За 3 гады акупацыі фашысты стварылі на тэрыторыі Беларусі больш як 260 лагераў смерці, знішчылі больш як 2 млн. 200 тыс. чалавек. Выкрыццё гэтых злачынстваў паслужыла штуршком да прыняцця міжнародна-прававых актаў, накіраваных на барацьбу з генацыдам. Статуты Нюрнбергскага і Такійскага ваенных трыбуналаў і Канвенцыя 1948 «Аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго» ўстанаўліваюць міжнародную крымінальную адказнасць асоб, вінаватых у ажыццяўленні генацыду. Да яго адносяць дзеянні, якія праводзяцца з мэтай знішчыць цалкам або часткова якую-небудзь нацыянальную, этнічную, расавую або рэлігійную групу, у т.л. забойства сябраў такой групы, нанясенне ім цяжкіх пакалечанняў, наўмыснае стварэнне жыццёвых умоў, разлічаных на яе поўнае або частковае знішчэнне, гвалтоўную перадачу дзяцей з адной чалавечай групы ў другую, меры па папярэджванні дзетанараджэння ў асяроддзі такой групы. Да сферы генацыду адносіцца таксама знішчэнне мовы, рэлігіі або культуры якой-небудзь нацыянальнай, расавай або рэлігійнай групы, у т.л. забарона карыстацца нацыянальнай мовай у штодзённым жыцці або ў школах, друкаваць і распаўсюджваць выданні па мове такой групы, знішчэнне бібліятэк, музеяў, школ, гістарычных помнікаў, будынкаў для патрэб рэлігійных культаў і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць