Генеалогія (грэч. genealogia - радавод), навука, якая вывучае гісторыю і паходжанне родаў, асобных іх прадстаўнікоў, устанаўлівае роднасныя сувязі, складае радаводы; цесна спалучана з геральдыкай і іншымі дапаможнымі гістарычнымі дысцыплінамі. Радаводы цароў, правіцеляў, міфічных герояў існавалі ўжо ў старажытнасці, але найбольшае пашырэнне генеалогія набыла ў сярэднявеччы ў сувязі з устанаўленнем і афармленнем саслоўных (асабліва шляхецкіх) родаў. Гэта выклікала неабходнасць складання асобых генеалагічных даведнікаў (у выглядзе генеалагічнага дрэва або табліц), у якіх пазначаліся ўсе асобы асноўных і бакавых галін роду, іх шлюбныя сувязі. Асабліва шмат такіх даведнікаў з'явілася з 15 ст.

У Беларусі генеалогія для многіх родаў (князёў, магнатаў) вялася з 14 ст., адлюстравана ў беларускіх летапісах. Як навука сёння яна адраджаецца і знаходзіцца ў стане развіцця. Звесткі па беларускай генеалогіі можна знайсці ў генеалагічных даведніках Расеі і Польшчы. У адной з апошніх прац В.Насевіча «Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 стагоддзяў» (Мн., 1993) паказаны радаводы найбольш знакамітых родаў, прадстаўнікі якіх пакінулі значны след у гісторыі Беларусі.

У шырокім сэнсе тэрмін «генеалогія» абазначае радаслоўе, гісторыю роду, радаслоўны запіс.

Паведаміць пра недакладнасьць