Гонар, грамадская ці асабістая годнасць, тое, што выклікае ўсеагульную павагу. Гістарычна паняцце гонару ўзнікла ў сувязі са старажытнымі родавымі і саслоўнымі звычаямі і традыцыямі, калі пашану і павагу заслугоўвалі тыя, хто клапаціўся пра свой род, валодаў такімі якасцямі, як сіла, спрыт, вынослівасць і смеласць, высакароднасць. У рабаўладальніцкім грамадстве паняцце гонару датычылася толькі свабодных грамадзян (рабы не лічыліся людзьмі). У феадальным грамадстве лічылася за гонар не ўступаць ў раўнапраўныя адносіны з людзьмі «ніжэйшых» саслоўяў, не займацца абразлівай фізічнай працай, выклікаць на дуэль роўнага сабе за абразу. Захаваліся такія паняцці, як «шляхецкі гонар», «гонар арыстакрата», «абавязак гонару» і інш. Пазней паняцце гонару страціла саслоўнае адценне і звязвалася з добрасумленнасцю, багаццем, асабістымі здольнасцямі. Сёння асноўнымі ўмовамі фармавання гонару і годнасці чалавека з'яўляюцца грамадска карысная праца, уклад чалавека ў агульную справу, усведамленне матэрыяльных і маральных крытэрыяў ацэнкі працы.