Грамадскі падзел працы. У наш век навукова-тэхнічнага прагрэсу майстроў на ўсе рукі, што «і касец, і жнец, і на дудзе ігрэц», у грамадскай вытворчасці не так многа. І хоць валоданне сумежнымі прафесіямі цэніцца і заахвочваецца, але агульная тэндэнцыя ўдасканальвання прафесійнага майстэрства развіваецца ў кірунку спецыялізацыі. Чым больш ускладняецца вытворчасць, тым больш грамадская праца расчляняецца на асобныя формы, віды і падвіды, у кожным з якіх узнікаюць і ўдасканальваюцца свае спосабы і прыёмы працы. У выніку з'яўляюцца новыя прафесіі і спецыяльнасці. Гэта і ёсць грамадскі падзел працы - дыферэнцыяцыя грамадскага працэсу працы на асобныя віды працоўнай дзейнасці. Канцэнтруючы намаганні на вырабе пэўнай прадукцыі ці на адной аперацыі, работнік тым самым павышае, адшліфоўвае сваё ўменне, што істотна павышае прадукцыйнасць працы. Менавіта ў гэтым галоўны вынік грамадскага падзелу працы.

У гісторыі чалавечай цывілізацыі вядомы 3 вялікія падзелы працы. 1-ы падзел - аддзяленне жывёлагадоўлі ад земляробства - прывёў да ўзнікнення рабаўладальніцкага грамадства, супярэчнасці паміж фізічнай і разумовай працай. 2-і падзел - аддзяленне рамяства ад земляробства - даў пачатак аддзяленню горада ад вёскі і ўзнікненню супярэчнасці паміж імі, развіццю таварнай вытворчасці. Далейшае пашырэнне вытворчасці і абмену прывяло да 3-га вялікага падзелу працы - аддзялення гандлю ад вытворчасці і вылучэння купецтва. Грамадскі падзел працы асабліва паскорыўся з узнікненнем машыннай індустрыі і паглыбляецца ва ўмовах навукова-тэхнічнага прагрэсу. Вылучаюць 3 узроўні грамадскага падзелу працы: адзінкавы (унутры прадпрыемства: усе вытворчыя аперацыі скіраваны на выпуск гатовай прадукцыі свайго прадпрыемства), прыватны (паміж прадпрыемствамі: вырабляюцца вузлы ці дэталі для зборкі гатовай прадукцыі на іншых прадпрыемствах) і агульны (у маштабе грамадства: падзел працы на прамысловую і сельскагаспадарчую, фізічную і разумовую, ручную і механізаваную і г.д.).

Грамадскі падзел працы вядзе да спецыялізацыі вытворчасці, якая выяўляецца ў падзеле працы ўнутры галін эканомікі: пэўныя прадпрыемствы і іх падраздзяленні выконваюць толькі характэрныя ім вытворчыя функцыі па выпуску прадукцыі пэўнай галіны. Такім чынам, падзел працы не толькі не раз'ядноўвае таваравытворцаў, як можа падацца на першы погляд, а, наадварот, аб'ядноўвае іх, бо чым глыбей спецыялізацыя працы, тым мацней узаемазалежнасць спецыялізаваных вытворцаў, тым большая неабходнасць у кааперацыі працы.

Спецыялізацыя эканомікі Беларусі фармавалася ў складзе адзінага народнагаспадарчага комплексу былога СССР з улікам агульнасаюзных патрэб. Пры невялікай забяспечанасці ўласнай сыравінай і энерганосьбатамі Беларусь спецыялізавалася на выпуску прадукцыі машынабудавання - аўтамабіляў, трактароў, сельскагаспадарчых машын, станкоў, прылад. Яна спецыялізуецца таксама на развіцці хімічнай, дрэваапрацоўчай і лёгкай прамысловасці, а ў сельскай гаспадарцы - на развіцці жывёлагадоўлі, бульбаводства, ільнаводства. Таму ва ўмовах дзяржаўнай незалежнасці і рыначнай эканомікі адбываецца структурная перабудова народнай гаспадаркі з карэкціроўкай спецыялізацыі яе галін.

Паведаміць пра недакладнасьць