Густ, здольнасць чалавека па адчуванні задавальнення ці незадавальнення (падабаецца ці не) дыферэнцыравана ўспрымаць і ацэньваць розныя эстэтычныя аб'екты, адрозніваць прыгожае ад агіднага ў рэчаіснасці і ў мастацтве, эстэтычнае і неэстэтычнае, выяўляць у з'явах рысы трагічнага і камічнага (пачуццё гумару). Інтарэс да праблемы густу павялічыўся ў 17-18 ст. Французскія асветнікі і тэарэтыкі класіцызму (Буало, Мантэск'е, Вальтэр і іншыя) разглядалі яго з пазіцый рацыяналізму і нарматывізму. Прадстаўнікі ангельскай сенсуалістычнай эстэтыкі (Шэфсберы, Хом і іншыя) выводзілі густ з чалавечых пачуццяў, але звязвалі яго з маральнасцю. І.Кант адзначаў супярэчлівы, грамадска-індывідуальны характар густу. Прадстаўнікі іншых філасофскіх плыней разглядаюць густ як сацыяльна абумоўленую з'яву і форму мастацкага ўспрымання, якое фармуецца пад уздзеяннем асяроддзя і ладу жыцця. На густ уплывае мастацтва, якое ўключаецца ў побыт людзей, дзейнічае паўсядзённа, часам непрыкметна. Мае непасрэдную сувязь з модай. Фармаванне густу - адна з задач эстэтычнага выхавання.

Паведаміць пра недакладнасьць