Дзяржаўная мова, асноўная мова дзяржавы, на якой у адпаведнасці з заканадаўствам вядзецца абслугоўванне ўсіх сфер палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця, забяспечваюцца зносіны органаў улады і кіравання з насельніцтвам. Сусветная практыка сведчыць, што звычайна ў краінах дзяржаўнай мовай з'яўляецца мова асноўнай нацыянальнасці, а ў полінацыянальных - некалькі моў найбольш буйных па колькасці нацый, якія маюць свае гістарычныя, этнічныя тэрыторыі і ўласныя дзяржаўна-адміністрацыйныя ўтварэнні. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі яе дзяржаўнымі мовамі з'яўляюцца беларуская і расейская мовы. Дзяржаўнасць беларускай мовы замацавана і ў «Законе аб мовах у Беларускай ССР», прынятым Вярхоўным Саветам Беларусі 26.01.1990.

Старабеларуская мова ўпершыню стала афіцыйнай дзяржаўнай мовай у Вялікім Княстве Літоўскім у перыяд праўлення вялікага князя Альгерда (1345-1377). У 1696 рашэннем канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай афіцыйнай мовай была абвешчана польская мова. У красавіку 1918 Рада Беларускай Народнай Рэспублікі вярнула беларускай мове статус дзяржаўнай мовы. Такім жа статусам, але ўжо разам з летувіскай, польскай і жыдоўскай, карысталася беларуская мова ў перыяд кароткачасовага існавання Літоўска-Беларускай Сацыялістычнай Рэспублікі (люты-жнівень 1919). У адпаведнасці з абвешчанай у ліпені 1924 палітыкай беларусізацыі дзяржаўнымі мовамі ў БССР прызнаваліся беларуская, расейская, польская і жыдоўская, пры яўнай перавазе сацыяльных функцый першай, паколькі беларусы складалі абсалютную большасць насельніцтва рэспублікі.

Паведаміць пра недакладнасьць