Дзяржаўныя сімвалы, сукупнасць рэчавых або ўмоўных апазнавальных знакаў, якія ўвасабляюць дзяржаўны суверэнітэт краіны. Найчасцей такімі сімваламі дзяржавы з'яўляюцца дзяржаўныя герб, сцяг і гімн. На розных этапах гістарычнага развіцця дзяржаўныя сімвалы Беларусі неаднаразова мяняліся. Дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага была «Пагоня». Таму абвешчаная 25.03.1918 Беларуская Народная Рэспубліка (БНР) сваімі дзяржаўнымі сімваламі зрабіла герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг. Дзяржаўны герб БССР, зацверджаны ў 1919, пасля шматлікіх дапрацовак складаўся з выявы пяціканцовай зоркі, сярпа і молата, абкружаных вянком з жытніх каласоў, пераплеценых канюшынай і лёнам. Абедзве паловы вянка былі перавіты чырвонай стужкай, на якой змяшчаліся надпісы на беларускай і расейскай мовах: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!», і ніжэй ініцыялы: «БССР». Дзяржаўным сцягам БССР напачатку было чырвонае палотнішча з сярпом і молатам, зоркай і надпісам «БССР». У 1956 зацверджаны новы сцяг-палотнішча з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй чырвонага колеру ў 2/3 шырыні і ніжняй зялёнага колеру ў 1/3 шырыні; у верхнім левым рагу чырвонай паласы размяшчаліся серп і молат, а пад імі чырвоная пяціканцовая зорка; каля дрэўка вертыкальна размяшчаўся беларускі нацыянальны арнамент белага колеру на чырвоным полі, якое складала 1/9 даўжыні сцяга. У 1991 зацверджаны герб «Пагоня»: выява ўзброенага конніка на чырвоным фоне ў руху, у правай яго руцэ гарызантальна падняты меч, у левай - шчыт, на белым полі якога шасціканцовы залаты крыж. Тады ж прыняты і Дзяржаўны сцяг - прамавугольнае палотнішча з трох гарызантальна размешчаных каляровых палос роўнай шырыні: верхняй і ніжняй - белага, сярэдняй - чырвонага колеру. У выніку рэферэндуму 14.05.1995 Дзяржаўны герб Беларусі ўяўляе сабой контур Рэспублікі Беларусь у залатых прамянях Сонца над зямным шарам; зверху пяціканцовая чырвоная зорка; абрамляе ўсё гэта вянок з залатых каласоў, пераплеценых канюшынай і лёнам; каласы абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой знізу надпіс «Рэспубліка Беларусь». Дзяржаўны сцяг Беларусі - палотнішча з дзвюх палос: верхняй - чырвонага колеру ў 2/3 шырыні і ніжняй - зялёнага колеру ў 1/3 шырыні сцяга; каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, якое складае 1/9 даўжыні сцяга. Дзяржаўны гімн БССР зацверджаны ў 1955 (тэкст М.Клімковіча, музыка Н.Сакалоўскага). Прынята рашэнне аб падрыхтоўцы новага тэксту і музыкі гімна.

Паведаміць пра недакладнасьць