Дысцыпліна. У шырокім сэнсе гэтае паняцце звычайна звязваюць з парадкам. І сапраўды, дысцыпліна - гэта пэўны парадак паводзін людзей у адпаведнасці з нормамі маралі і права ў грамадстве і патрабаваннямі той ці іншай арганізацыі (калектыву). Сутнасць дысцыпліны ў тым, што яна ўяўляе сабой форму грамадскай сувязі паміж людзьмі, без якой немагчымае нармальнае функцыянаванне ні вялікіх грамадскіх сфер, ні іх першасных ячэек - працоўных калектываў. На аснове выканання рэжыму, правіл і патрабаванняў людзі ўзгадняюць, рэгулююць свае дзеянні ў часе і прасторы, што забяспечвае іх калектыўную работу, функцыянаванне сацыяльных структур, існаванне і развіццё ўсяго грамадства. Чым лепшая дысцыпліна, тым больш з'яднаны калектыў, больш эфектыўная яго дзейнасць. Асабліва калі дысцыпліна не прымусовая, а ўсвядомленая. Умацаваннем такой дысцыпліны, навядзеннем парадку можна без вялікіх дадатковых затрат забяспечыць істотны рост прадукцыйнасці працы.

Дзяржаўная дысцыпліна - устаноўлены дзяржавай парадак адносін, у адпаведнасці з якім усе дзяржаўныя органы, прадпрыемствы, арганізацыі, установы, службовыя асобы і грамадзяне павінны дакладна выконваць ускладзеныя на іх дзяржавай задачы і абавязкі. Яна патрабуе строгага выканання законнасці, планавых заданняў, дагаворных абавязацельстваў. Адрозніваюць планавую, фінансавую, дагаворную, працоўную і інш. віды дысцыпліны. Працоўная дысцыпліна - парадак узаемаадносін удзельнікаў вытворчага працэсу ў адпаведнасці з нормамі працоўнага заканадаўства, правіламі ўнутранага працоўнага распарадку, службовымі абавязкамі. Падтрымліваецца найперш шляхам пераканання і заахвочвання за добрасумленную працу. Да парушальнікаў дысцыпліны могуць выкарыстоўвацца і меры прымусу - дысцыплінарная і матэрыяльная адказнасць.

Існуе таксама вайсковая, партыйная і інш. дысцыпліна. Чалавек такім чынам паўсюдна звязаны з дысцыплінай. Добра, калі яму ўласцівая яшчэ і свая ўнутраная дысцыпліна, ці самадысцыпліна. Такі чалавек заўжды прыстойна паводзіць сябе на рабоце, у грамадстве, дома, з'яўляецца абавязковым - не дазваляе сабе адступіцца ад прынятых нормаў і правіл, не дапускае разыходжання слова са справай.

Паведаміць пра недакладнасьць