Дэізм (франц. deisme ад лац. deus - бог). У 17 ст. ангельскі філосаф Г.Чэрберы ў сваім «Трактаце аб ісціне» (1624) развіў ідэю рэлігіі розуму, накіраваную супраць традыцыйнай рэлігіі з яе абраднасцю, вучэннем аб адкрыцці і ўяўленні Бога як асобаснай істоты (Хрыстос, Магамет, Буда і інш.). Гэтая ідэя аформілася ў вучэнне, якое атрымала назву «дэізм». Выступаючы супраць цудаў, дэізм тым не менш дапускаў першапачатковы цуд, разглядаў Бога як першапрычыну Свету. На думку дэістаў, Бог з'яўляецца безаблічным разумным пачаткам, які стварыў Свет, усталяваў законы і, даўшы Свету першы штуршок, спыніў далейшае ўмяшанне ў паўсядзённы ход падзей.

Такім чынам, дэізм - гэта рэлігійна-філасофскае вучэнне, якое прызнае існаванне Бога толькі ў якасці безаблічнай першапрычыны Свету, які потым развіваецца ў адпаведнасці са сваімі ўласнымі законамі. Дэісты лічылі, што доказ існавання Бога («Нябеснага механіка») заключаецца ў гарманічнай мэтанакіраванасці «цудоўнай машыны» прыроды. Гэта так званы «фізіка-тэалагічны» доказ быцця Бога. Дэісты прызнавалі Бога і ў якасці маральнага пачатку, маральнай санкцыі. Да дэізму ў розныя часы далучаліся мысліцелі розных кірункаў - і ідэалісты і матэрыялісты. Найвышэйшае развіццё дэізм атрымаў у першай палове 18 ст. У Вялікабрытаніі дэістамі былі Дж.Толанд, які бачыў у хрысціянстве толькі маральнае вучэнне, А.Колінз, М.Ціндаль, А.Шэфстберы, Г.Болінгброк; у Амерыцы - Т.Джэферсан, Б.Франклін, І.Ален; у Францыі - Вальтэр, да дэізму набліжаўся Русо. З крытыкай дэізму выступалі французскія матэрыялісты 18 ст. У Германіі дэізм пашыраўся на глебе філасофскага рацыяналізму (Лейбніц, Лесінг). Ідэі дэізму своеасабліва адлюстраваліся ў творы Канта «Рэлігія ў межах толькі розуму» (1793). У Расеі ў канцы 18 - пачатку 19 ст. дэістамі былі І.І.Пнін, І.Д.Ертаў, А.С.Лубкін, некаторыя дзекабрысты. Дэізм адыграў пэўную ролю ў развіцці вальнадумства 17-18 ст.

У сучаснай філасофіі дэізм не мае самастойнага значэння, але яго прытрымліваюцца многія даследчыкі прыроды, якія ў заканамернасці і ўпарадкаванасці Свету бачаць доказ быцця яго стваральніка.

Паведаміць пра недакладнасьць