Дэмагогія (грэч. demagogia ад demos - народ + ago - вяду). У Старажытнай Грэцыі дэмагогамі называлі палітычных дзеячаў, якія валодалі выдатнымі аратарскімі здольнасцямі, што рабіла іх папулярнымі ў грамадстве. Зараз паняцці «дэмагогія» і «дэмагог» набылі іншы, нават супрацьлеглы, сэнс. У побыце дэмагогія стала сімвалам слова «балбатня», а ў палітыцы гэты тэрмін ужываецца ў якасці ацэнкі палітычных прамоў, выступленняў, заяў, у якіх няма канструктыўных ідэй і прапаноў, а наўмысна ці несвядома заблытваецца праблема, адцягваючы ўвагу ад складаных надзённых пытанняў. Дэмагогамі называюць і палітыканаў, якія ствараюць папулярнасць і аўтарытэт любымі ганебнымі сродкамі і прыёмамі: ілжывымі і безадказнымі абяцаннямі, перакручваннем фактаў, падманам, маніпуляваннем свядомасцю маладасведчаных людзей і г.д. Дэмагогія - з'ява негатыўная і небяспечная, яна спрыяе ўкараненню ў грамадскую свядомасць памылковых уяўленняў пра сапраўдны стан спраў у грамадстве.

Паведаміць пра недакладнасьць