Дэмаграфія (ад грэч. demos - народ і grapho - пішу), навука аб народанасельніцтве і заканамернасцях яго развіцця: узнаўленні, зменах яго колькасці, складу, размяшчэнні, натуральным руху (нараджальнасці, смяротнасці), міграцыі. Дэмаграфічныя працэсы абумоўлены пэўнымі адносінамі, што складваюцца паміж людзьмі ў іх жыццядзейнасці, таму дэмаграфія цесна звязана з этнаграфіяй, экалогіяй, біяметрыяй, генетыкай народанасельніцтва і інш. навукамі. Дэмаграфія даследуе насельніцтва ў розных аспектах і вымярэннях. Так, дэскрыптыўная дэмаграфія апісвае насельніцтва на аснове статыстычных даных, эканамічная і сацыяльная дэмаграфія даследуе сувязі паміж дэмаграфічнымі, эканамічнымі і сацыяльнымі працэсамі, гістарычная - гісторыю развіцця народанасельніцтва, матэматычная апісвае дэмаграфічныя працэсы і структуры з дапамогай матэматычнай мовы, патэнцыяльная - агульную колькасць чалавека-гадоў, якія належыць пражыць людзям, што ўваходзяць у пэўную сукупнасць, вайсковая - вайсковы патэнцыял краіны ў сувязі з эканамічным і тэхнічным патэнцыялам, яго выкарыстанне ў мірны і ваенны час і інш. Сукупнасць мерапрыемстваў, мэта якіх - уздзейнічаць на дэмаграфічныя працэсы, утварае палітыку народанасельніцтва - састаўную частку сацыяльна-эканамічнай палітыкі. Рухальным матывам дэмаграфічнай палітыкі з'яўляецца клопат пра ўзнаўленне і развіццё фізічна і духоўна здаровага насельніцтва.

Паведаміць пра недакладнасьць