Ерась (грэч. hairesis - адбор, вучэнне, школа), рэлігійнае вучэнне, якое адступае ад прынятага ў царкве веравучэння і тым падрывае яго дагматычныя асновы. Часцей за ўсё гэта паняцце ўжываюць у дачыненні да плыней, што ўзнікаюць у хрысціянстве. У аснове хрысціянскіх ерасей ляжалі непрыняцце часткай вернікаў Тройцы (траістай сутнасці аднаго Бога - Бога-бацькі, Бога-сына, Бога-Духа Святога), богачалавечнасці Ісуса Хрыста, адмаўленне ад ушанавання Багародзіцы і святых, схільнасць да пантэізму (мнагабожжа), вера ў хуткае наступленне на Зямлі тысячагадовага Царства Божага і да т.п. У перыяды масавага праяўлення ерасей іх прыхільнікаў падзялялі паводле сацыяльнага складу на сялянскія і сялянска-плебейскія, гарадскія і бюргерска-дваранскія. Ерасі царква знішчала самастойна або з дапамогай дзяржаўнай улады. Падобныя плыні ўзнікаюць і ў іншых рэлігіях. У ісламе ерэтыка называюць кафірам («няверным»).

Паведаміць пра недакладнасьць