Злачынства, небяспечнае для грамадства дзеянне (або бяздзейнасць), якое пасягае на грамадскі лад дзяржавы, яе палітычную ці эканамічную сістэму, дзяржаўную, грамадскую і прыватную ўласнасць, на асобу, палітычныя, працоўныя, маёмасныя правы і свабоды грамадзян, а таксама іншае небяспечнае дзеянне, накіраванае супраць існуючага правапарадку і прадугледжанае крымінальным законам. Пад злачынным дзеяннем разумеюцца небяспечныя для грамадства актыўныя, свядомыя, валявыя паводзіны асобы; злачынная бяздзейнасць адрозніваецца ад яго пасіўнасцю, што выяўляецца ў невыкананні асобай дзеянняў, якія яна была абавязана і магла выканаць у пэўных умовах. Не з'яўляюцца злачынствам дзеянне або бяздзейнасць, якія фармальна ўтрымліваюць прыкметы якога-небудзь злачынства, але паводле сваёй малазначнасці не ўяўляюць грамадскай небяспекі. Небяспечнае дзеянне не можа быць прызнана злачынным, калі на момант учынення яно не было прадугледжана крымінальным законам, гэта значыць не было процізаконным, проціпраўным. Яно можа быць прызнана злачынствам тады, калі ўчынена пры наяўнасці віны - гэта значыць наўмысна або па неасцярожнасці. Закон вызначае, якія дзеянні з'яўляюцца злачыннымі і якое за кожнае з іх можа быць пакаранне. Устаноўленае за адпаведнае злачынства пакаранне яшчэ не абазначае, што яно з'яўляецца абавязковым і павінна ўжывацца ў кожным выпадку. Пры пэўных акалічнасцях асоба можа быць вызвалена як ад пакарання, так і ад крымінальнай адказнасці.

Паведаміць пра недакладнасьць