Ідэал (франц. idéal ад грэч. idea - ідэя, паняцце), уяўленне пра найвышэйшую дасканаласць, якая, з'яўляючыся ўзорам, нормай і вышэйшай мэтай, вызначае спосаб і характар дзеяння чалавека ці сацыяльнай групы. У залежнасці ад сферы чалавечай жыццядзейнасці фармуюцца палітычны, грамадскі (узор дасканалага грамадскага ладу), эстэтычны (узор прыгожага), этычны (уяўленне пра дасканалыя якасці асобы і адносіны паміж людзьмі), гнасеалагічны і іншыя ідэалы, якія паказваюць актыўна-творчыя адносіны чалавека да рэчаіснасці, адыгрываюць ролю канчатковых мэтавых арыенціраў. Ідэал лічыцца актыўным пачаткам жыццядзейнасці. Пры яго наяўнасці чалавек здольны не толькі адлюстроўваць рэчаіснасць, але і пераўтвараць яе як у сваёй свядомасці, так і на практыцы. Працэс пераўтварэння пры пэўных умовах можа весці да неадэкватнай рэальнасці, стаць ілюзорным прадуктам ідэала. Ідэалы могуць быць здзейснены толькі тады, калі яны адпавядаюць патрэбам развіцця грамадства, фармавання гарманічнай, творчай асобы.