Індустрыялізацыя, працэс пераўтварэння аграрных краін і рэгіёнаў у індустрыяльныя на базе буйной машыннай вытворчасці. На лацінскай мове слова induatrio абазначае вытворчасць, стараннасць, што, відаць, адлюстроўвае складанасць стварэння індустрыяльнай вытворчасці (у мінулым, пры наяўнасці прымітыўных прылад працы сапраўды патрэбна была вялікая стараннасць, каб ажыццявіць якасны скачок у вытворчым працэсе, каб замяніць мускульную энергію рабочых механічнай). Дарэчы, гэты працэс пачаўся ў 1860-х г. у Вялікабрытаніі і ўвайшоў у гісторыю як прамысловы пераварот. Далейшае яго развіццё прывяло да стварэння вядучай галіны эканомікі - прамысловасці і новай сацыяльнай сілы - рабочага класа, стварыла аснову для развіцця прадукцыйных сіл і росту прадукцыйнасці працы, пераўтварэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўсёй эканомікі і сацыяльнай структуры грамадства.

У Беларусі першыя паравыя рухавікі ўстаноўлены ў 1825-1827 на суконных прадпрыемствах у мястэчках Косава (Івацэвіцкі раён) і Хомск (Драгічынскі раён). Характэрна, што ў Беларусі гэты працэс найбольш актыўна пашыраўся не ў баваўнянай прамысловасці, як у эўрапейскіх краінах, а ў металаапрацоўчай і вінакурнай. Машынабудаванне і металаапрацоўка былі прыярытэтныя ў індустрыялізацыі і ў савецкі час. За перадваенны перыяд у БССР пабудавана больш як 1700 прамысловых прадпрыемстваў. У 1940 90% прамысловай прадукцыі давалі прадпрыемствы, пабудаваныя ці рэканструяваныя ў савецкі час. У пасляваенны перыяд разбураныя прадпрыемствы адноўлены, створана многа новых. Сучасная прамысловасць Беларусі ўключае каля 20 узбуйненых галін, у іх ліку электраэнергетыка, аўтамабільная, станкабудаванне, трактарнае і сельскагаспадарчае машынабудаванне, станка- і прыладабудаванне, хімічная і нафтахімічная, дрэваапрацоўчая, лёгкая, харчовая і інш. Вызначальнымі для паскарэння навукова-тэхнічнага прагрэсу з'яўляюцца галіны і вытворчасці, якія ўзніклі ў 1950-1960-я г.: радыёэлектронная, электратэхнічная, нафтаперапрацоўка, дакладнае прыладабудаванне, вытворчасць аўтаматычных ліній, рухавікоў, мінеральных угнаенняў, сінтэтычных смол і інш. навукаёмістыя і высокатэхналагічныя вытворчасці. У прамысловасці занята прыкладна 30% насельніцтва, на яе долю прыпадае найбольш (прыкладна 40%) валавога ўнутранага прадукту.

Паведаміць пра недакладнасьць