Індывідуальнасць. Кожная асоба вылучаецца своеасаблівасцю пачуццяў, думак, учынкаў. Разам з тым індывідуальнасць выяўляецца ў самабытнасці псіхічных якасцей асобы - у яе тэмпераменце, характары, каштоўнасных арыентацыях. Такім чынам, індывідуальнасць - непаўторная своеасаблівасць адметных уласцівасцей, якасцей індывіда. Яна вылучае асобу з масы іншых людзей і праяўляецца ў тым, што чалавек пры роўных магчымасцях здольны зрабіць ці ўбачыць тое, чаго не могуць іншыя. Своеасаблівасць асобы заўсёды грунтуецца на глыбінных, сапраўды індывідуальных структурах. Яе духоўна-маральная каштоўнасць заключаецца ў захаванні вернасці самому сабе, у адстойванні і развіцці сваёй індывідуальнасці. Але гэта магчыма толькі пры індывідуальным увасабленні асноватворных этычных каштоўнасцей грамадства - дабра, высакароднасці, сумлення, годнасці і г.д. Сацыяльная значнасць індывідуальнасці заключаецца ў тым, што асабістая своеасаблівасць чалавека развіваецца не ў процівагу інтарэсам і каштоўнасным арыентацыям іншых людзей і грамадства ў цэлым, а гарманічна спалучаецца з імі і садзейнічае грамадскаму прагрэсу.

Паведаміць пра недакладнасьць