Інквізіцыя (ад лац. inquisitio - расследаванне), судова-паліцэйская ўстанова ў каталіцкай царкве для барацьбы з ерасямі, вальнадумствам, антыцаркоўным і антыфеадальным рухам. Вызначалася жорсткасцю і фанатызмам. Ажыццяўляла духоўную цэнзуру над выданнямі навуковай і мастацкай літаратуры, складала так званыя «Індэксы забароненых кніг». Узнікла ў 13 ст. на поўдні Францыі, потым пашырылася ў большасці краін Заходняй Эўропы, а пазней перанесена гішпанскімі і партугальскімі каланізатарамі ў Амерыку. У каталіцкіх краінах сярэднявечнай Эўропы была сродкам масавага тэрору супраць іншадумцаў. Па яе прыгаворах закатаваны і знішчаны мільёны людзей. Ахвярамі сталі многія выдатныя дзеячы навукі і культуры: жывыя спалены Дж.Бруна, Дж.Ч.Ваніні, Ян Гус, праследаваліся Т.Кампанела, Г.Галілей і інш. Падобныя метады выкарыстоўвалі пратэстанцкія і праваслаўныя цэрквы. У большасці краін інквізіцыя ліквідавана ў 18 ст., у Партугаліі, Гішпаніі і Папскай вобласці - 19 ст. Пасля ліквідацыі інквізіцыі царкоўнікі пакінулі за сабой права змагацца з іншадумцамі шляхам адлучэнняў ад царквы і праклёнаў.

Паведаміць пра недакладнасьць