Інтэлект (ад лац. intellectus - разуменне, спасціжэнне), адносна ўстойлівая структура разумовых здольнасцей індывіда. У шэрагу канцэпцый інтэлект атаясамліваюць з сістэмай разумовых аперацый, са стылем і стратэгіяй рашэння праблем, з эфектыўнасцю індывідуальнага падыходу да сітуацыі, што патрабуе высокай пазнавальнай актыўнасці. Нямецкія псіхолагі М.Вертгаймер і В.Кёлер распрацавалі паняцце інсайта (раптоўнае і без уліку мінулага вопыту разуменне істотных адносін і структуры сітуацыі ў цэлым, з дапамогай якога дасягаецца асэнсаванае рашэнне праблем). На пачатку 20 ст. французскія псіхолагі А.Бінэ і Т.Сімон прапанавалі вызначаць ступень разумовых здольнасцей з дапамогай спецыяльных тэстаў. Савецкія псіхолагі падкрэслівалі залежнасць інтэлектуальных здольнасцей чалавека ад сацыяльна-эканамічных умоў яго жыцця. Псіхолагі В.Штэрн, Ж.Піяжэ і іншыя часцей разглядаюць інтэлект як біяпсіхічную адаптацыю да наяўных абставін жыцця.
Змястоўнае вызначэнне самога інтэлекту залежыць ад характару грамадска значнай актыўнасці сферы індывіда (навучанне, вытворчасць, палітыка і інш.).
У сувязі з развіццём кібернетыкі, тэорыі інфармацыі, вылічальнай тэхнікі пашырыўся тэрмін «штучны інтэлект» (умоўнае абазначэнне кібернетычных сістэм і іх логіка-матэматычнага забеспячэння, прызначаных для рашэння задач, што патрабуюць выкарыстання інтэлектуальных здольнасцей чалавека).