Інфраструктура. Гэты тэрмін запазычаны з вайсковага лексікона, дзё ён абазначае комплекс тылавых збудаванняў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць узброеных сіл (склады, палігоны, аэрадромы, ракетныя базы і інш.). Своеасблівыя «тылы» фармуюцца і ў сферы эканомікі. Павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці, ускладненне вытворча-гаспадарчых сувязей абумовілі з'яўленне галін, спецыялізаваных на аказанні паслуг - мэтазгоднай дзейнасці ў форме карыснай працы, накіраванай на задавальненне пэўных патрэб чалавека і вытворчасці. Сукупнасць галін па абслугоўванні прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, а таксама насельніцтва і ёсць інфраструктура. Яна ўключае транспарт, сувязь, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, сістэму адукацыі, навукі, культуры, аховы здароўя, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, бытавога абслугоўвання насельніцтва, праваахоўных органаў і інш. Часам інфрастуктуру падзяляюць на 2 часткі: вытворчую і невытворчую (сацыяльную).
Уся інфрастуктура, у тым ліку і па абслугоўванні насельніцтва, аказвае непасрэдны станоўчы ўплыў на вытворчасць. Справа ў тым, што чалавек - галоўная прадукцыйная сіла грамадства, і сучасная сацыяльная інфрастурктура спрыяе ўзнаўленню яго рабочай сілы, пашырэнню кругагляду, павышэнню адукаванасці, што станоўча адбіваецца на яго вытворчай дзейнасці. Практыка развітых краін паказвае, што тэмпы росту вытворчасці і яе эфектыўнасць знаходзяцца ў прамой залежнасці ад узроўню развіцця інфрастуктуры.