Ісціна. Імкнучыся падкрэсліць своеасаблівасць чалавека, самастойнасць яго мыслення, звычайна кажуць, што ў яго ёсць свой пункт погляду, асаблівая думка, уласная пазіцыя да таго ці іншага пытання. Але, жывучы ў грамадстве, чалавек не можа абысціся без узгаднення сваіх дзеянняў. Яшчэ ў антычнасці сфармаваўся погляд, паводле якога пад ісціннымі ведамі сталі разумець адлюстраванне ў свядомасці чалавека рэальных прадметаў, з'яў, уласцівасцей такімі, якія яны ёсць на самой справе, г.зн. аб'ектыўна і незалежна ад нас. Трактоўка ісціны як адпаведнасці ведаў рэчаіснасці атрымала развіццё ў матэрыялістычнай філасофіі. Дыялектыка дазволіла раскрыць сутнасць ісціны як супярэчлівага працэсу развіцця ведаў. Прызнаючы аб'ектыўную ісціну (уяўленні не залежаць ад суб'екта), філосафы лічаць, што яна змяняецца, пастаянна развіваецца і ў гэтым плане з'яўляецца адноснай ісцінай. Дыялектычны матэрыялізм прызнае адноснасць усіх нашых ведаў не ў сэнсе адмаўлення аб'ектыўнай ісціны, а ў сэнсе гістарычнай умоўнасці межаў набліжэння нашых ведаў да гэтай ісціны. Навуковы працэс вядзе да абсалютнай ісціны, якая складваецца з вялікай колькасці адносных ісцін. Ацэнкай ісціннасці нашых ведаў выступае грамадская практычная дзейнасць. Калі тэорыя паспяхова пацвярджаецца на практыцы, гэта значыць, што яна з'яўляецца ісцінай. Ісціна - гэта правільнае адлюстраванне рэчаіснасці ў думках, крытэрыем якога ў выніку з'яўляецца практыка.