Канфармізм (ад позналац. conformis - падобны, адпаведны). Псіхолагам вядома, што музыканты, якія працуюць у аркестры, хутчэй прыходзяць да згоды ў канфліктных сітуацыях, чым салісты. Гэтая з'ява можа служыць мадэллю для разумення прычын і вытокаў канфармізму. Чалавек жыве сярод людзей і не можа не ўзгадняць свае паводзіны з агульнымі для ўсіх нормамі. Чым больш абавязковая для чалавека задача дзейнічаць як усе, арыентавацца на агульнапрынятыя стандарты, густы, меркаванні, тым хутчэй ён прывыкае пасіўна прыстасоўвацца да патрабаванняў людзей, што яго акружаюць. У пэўнай меры гэта нармальная з'ява. Звычайна чалавек не абдумвае кожнае сваё слова, жэст, учынак, а прывычна дзейнічае ў рамках сацыяльных, калектыўных норм; робіць так, як прынята ў яго асяроддзі. Многія думкі і дзеянні ўзнікаюць аўтаматычна. Але бываюць такія сітуацыі, калі ўласныя меркаванні разыходзяцца з думкамі іншых людзей. Тады ўзнікае канфлікт, сутыкненне розных думак. Калі канфлікт пераадольваецца пасіўнай згодай індывіда з меркаваннем групы, будзе мець месца канфармізм. Напрыклад, вучні вырашылі сарваць урок; канфарміст, нават калі ў душы ён не згодзен з гэтым, будзе моўчкі ўдзельнічаць у агульных дзеяннях, разумеючы, што ён прынясе шкоду ўсяму калектыву, але адказнасць будзе зведзена да мінімуму, бо кожны зрабіў як усе. Менавіта страх, няўменне ці няздольнасць узяць на сябе адказнасць за свае дзеянні ў канфліктнай сітуацыі і ляжаць у аснове канфармізму. Такім чынам, канфармізм - гэта прыстасавальніцтва, пасіўнае прыняцце існуючага парадку рэчаў, пануючых меркаванняў, адсутнасць уласнай пазіцыі, і некрытычнае прытрымліванне любога ўзору (традыцыя, прызнаны аўтарытэт і г.д.). Схільны да канфармізму чалавек не выпрацоўвае ўласнай маральнай, палітычнай ці ідэалагічнай пазіцыі, а імкнецца рабіць «як усе». Адносіны да канфармізму неадназначныя. У Японіі жаданне быць «як усе» лічыцца годнасцю. Для эўрапейскай культурнай традыцыі, дзе прынята шанаваць цвёрдыя прынцыпы асобы, характэрны негатыўныя адносіны да канфармізму.