Кар'ерызм, імкненне да асабістага поспеху ў любых відах дзейнасці, выкліканае карыслівымі, індывідуалістычнымі мэтамі. Адмоўная маральная якасць, што характарызуе паводзіны і асобу чалавека, які падпарадкоўвае гэтым мэтам усю сваю грамадскую дзейнасць, а свае службовыя абавязкі выконвае настолькі, наколькі гэта садзейнічае паляпшэнню яго афіцыйнага становішча. Кар'ерызм - адна з праяў эгаізму ў сферы службовай дзейнасці асобы, якая, аднак, крывадушна выступае пад маскай бескарыслівага служэння справе. Жыццёвым прынцыпам кар'ерыста з'яўляецца не служэнне грамадскім інтарэсам, а толькі дэманстрацыя сваёй прыхільнасці ўказанням вышэйшых інстанцый і начальства. Кар'ерыст вылучаецца беспрынцыповасцю: ён з лёгкасцю мяняе перакананні ў залежнасці ад сітуацыі, выкарыстоўвае для асабістых мэт несумленныя сродкі (шлюб па разліку, падлог, ліслівасць і г.д.). Яму абыякавы лёс людзей і інтарэсы справы.