Карыслівасць, адмоўная маральная якасць, што характарызуе паводзіны і матывы чалавека, які разглядае і накіроўвае свае ўчынкі і ўзаемаадносіны з людзьмі з пункту гледжання асабістай матэрыяльнай выгады. Гэта адна з праяў эгаізму ў сферы адносін людзей да матэрыяльных ці духоўных даброт. У сацыяльным плане карыслівасць найчасцей трактуюць як імкненне чалавека клапаціцца найбольш пра асабістыя, а не пра грамадскія інтарэсы. Аднак такая трактоўка занадта катэгарычная. Трэба адрозніваць карыслівасць ад карысці. Справа ў тым, што асабісты матэрыяльны інтарэс і карысць з'яўляюцца рухавіком развіцця эканомікі і ўсяго грамадскага прагрэсу. Рэдка хто будзе займацца справай, якая не прыносіць яму ніякай карысці. І калі чалавек уласнай працай імкнецца задаволіць свае асабістыя патрэбы, мець пэўную карысць, то гэта яшчэ нельга разглядаць як карыслівасць. Таму ў сацыяльнай, эканамічнай сферах і асабліва на бытавым узроўні бывае цяжка адрозніць карыслівасць ад асабістай карысці. Пра карыслівасць можна гаварыць толькі ў плане індывідуалізаваных адносін суб'екта да рэчаіснасці, калі ён успрымае выключна тое, што з'яўляецца карысным толькі для яго, а ўсё іншае яго не цікавіць. Такое стаўленне безумоўна перашкаджае маральнаму развіццю асобы і грамадства ў цэлым.

Паведаміць пра недакладнасьць