Касмапалітызм (ад грэч. kosmopolites - грамадзянін свету), спецыфічная ідэалогія т.зв. «сусветнага грамадзянства». Слова «касмапаліт» упершыню выкарыстана ў Старажытнай Грэцыі. Ва ўмовах феадалізму носьбітам касмапалітычных тэндэнцый выступала каталіцкая царква. Абстрактна-гуманістычныя ідэі «сусветнага грамадзянства» абвяшчаліся і ў эпоху Адраджэння (Дантэ, Т.Кампанела). Ідэолагі рэвалюцыйнай буржуазіі Францыі высунулі касмапалітызм як гуманістычны ідэал чалавецтва, а ў Германіі касмапалітычныя ідэі развіваліся Г.Лесінг, І.В.Гёте, Ф.Шылер, І.Кант, І.Фіхтэ ў процілегласць феадальна-партыкулярнаму «патрыятызму», княжацкаму дэспатызму і рэлігійнасці. Характэрна, што ў той час ідэі сусветнага грамадзянства развіваліся ў адзінстве з патрыятызмам, адлюстроўваючы імкненне да нацыянальнага адзінства. Касмапалітычныя ідэі выкарыстоўваліся ў барацьбе супраць нацыянальна-вызваленчага руху з мэтай дыскрэдытацыі нацыянальнага суверэнітэту. У палітыцы касмапалітычныя ідэі часам прымалі форму пропаведзі сусветнай палітычнай інтэграцыі, наднацыянальных блокаў і міждзяржаўных арганізацый. У эканоміцы з іх дапамогай прапагандуюцца сацыяльна-ўтапічныя праекты стварэння сусветнай эканамічнай сістэмы. У праве яны садзейнічаюць насаджэнню тэорыі міжнароднай правасуб'ектыўнасці асобы, т.зв. «сусветнага права», заснаванага на адмаўленні нацыянальнага суверэнітэту. Такія погляды з'яўляюцца ўтопіяй, бо яны не ўлічваюць існаванне дзяржаў з розным грамадскім ладам, барацьбы народаў за нацыянальнае вызваленне, захаванне нацыянальнага суверэнітэту. Касмапалітызм - гэта ідэалогія, якая адмаўляе дзяржаўны і нацыянальны суверэнітэт і прапаведуе адмаўленне ад нацыянальных традыцый, нацыянальнай культуры, патрыятызму. Касмапалітамі называюць людзей, якія не лічаць сябе прыналежнымі да якой-небудзь нацыянальнасці, краіны, а прызнаюць сваёй Айчынай увесь свет.

Паведаміць пра недакладнасьць