Манаполія (ад грэч. monos - адзін + poleo - прадаю), выключнае становішча ці права асобы, прадпрыемства, дзяржавы ў пэўнай сферы эканомікі, што дазваляе ім атрымліваць максімальны прыбытак. Сутнасць гэтай з'явы ў тым, што буйныя прадпрымальнікі ці іх аб'яднанні ўстанаўліваюць кантроль у сферы вытворчасці і на рынках збыту сваіх тавараў і дыктуюць на іх манапольна высокія цэны.

Існуюць наступныя віды манаполіі: картэль - пагадненне паміж удзельнікамі-вытворцамі пра долю кожнага з іх у агульным аб'ёме вытворчасці, цэны на тавары, умовы найму рабочай сілы і размежаванне рынкаў збыту; фірмы, што ўваходзяць у картэль, застаюцца самастойныя ў адміністрацыйных і фінансавых адносінах, аднак умовы пагаднення для іх абавязковыя; сіндыкат - аб'яднанне ўдзельнікаў-вытворцаў, якія маюць юрыдычную і вытворчую самастойнасць, але сумесна набываюць сыравіну, рэалізуюць прадукцыю і таму трацяць камерцыйную самастойнасць; трэст - аб'яднанне ўдзельнікаў-вытворцаў, якія губляюць вытворчую, камерцыйную і юрыдычную самастойнасць; канцэрн - шматгаліновае аб'яднанне прадпрыемстваў прамысловасці, гандлю, транспарту, фінансавых кампаній, банкаў, якія пазбаўлены самастойнасці і знаходзяцца пад фінансавым кантролем галаўной фірмы; кансорцыум - часовае пагадненне паміж прамысловымі кампаніямі і банкамі для ажыццяўлення буйных праектаў, правядзення маштабных фінансавых аперацый па размяшчэнні каштоўных папер і сумесных навуковых даследаванняў; яго ўдзельнікі захоўваюць пэўную самастойнасць; дзяржаўная манаполія - падпарадкаванне дзяржаве пэўных сфер гаспадарчай дзейнасці (напрыклад, у СССР і іншых сацыялістычных краінах існавала валютная манаполія, манаполія знешняга гандлю). Панаванне манаполій адносіцца да перыяду станаўлення манапалістычнага капіталізму, калі манаполіі валодалі сферай вытворчасці, рынкамі збыту прадукцыі і дыктавалі цэны на прадукцыю. Аднак пазней развітыя краіны, ажыццяўляючы дзяржаўнае рэгуляванне эканомікі, пачалі ўводзіць антыманапольнае заканадаўства з мэтай абмежаваць карыслівыя дзеянні манаполій, падтрымаць малы і сярэдні бізнес, паспрыяць развіццю канкурэнцыі.

Паведаміць пра недакладнасьць