Манетарызм (ад англ. monetarism), эканамічная тэорыя, паводле якой колькасць грошай у абарачэнні з'яўляецца вызначальным фактарам фармавання гаспадарчай кан'юнктуры і існуе прамая сувязь паміж змяненнем грашовай масы ў абарачэнні і велічынёй валавога нацыянальнага прадукту. У рыначнай эканоміцы некаторых краін з дапамогай рэгулявання аб'ёму грашовай масы рэгулююцца эканамічныя працэсы. Прыхільнікі манетарызму абсалютызуюць грошы і, надаючы ім ролю вызначальнага фактара, часам атрымліваюць непажаданыя вынікі ў грамадскім жыцці (напрыклад, шматлікія забастоўкі гарнякоў у Расеі, выкліканыя штучным затрымліваннем выплаты зарплаты). Палітыка стрымлівання даходаў насельніцтва, змяншаючы попыт, выклікае рост беспрацоўя і іншыя сацыяльна-эканамічныя дэфармацыі і супярэчнасці.

Паведаміць пра недакладнасьць