Міласэрнасць, чуласць, спагадлівасць, спачуванне; бескарыслівая дапамога аднаго чалавека другому, моцнага - слабаму. Доўгі час у сацыялістычных краінах лічылася, што міласэрнасць як маральнае і сацыяльнае паняцце можа існаваць толькі ў буржуазным грамадстве, дзе ёсць бедныя і абяздоленыя людзі. Але і ў нашай краіне міласэрнасць патрэбна знясіленым старым людзям, якія жывуць адны або ў дамах для састарэлых, дзецям-сіротам, інвалідам вайны і працы, падлеткам з цяжкім лёсам і г.д. Існуе і спецыфічная форма міласэрнасці ў адносінах да жывёлы, прыроды ўвогуле. Неабходна разумець, што міласэрнасць - гэта зусім не міласціна і яна не павінна быць абразлівая ў дачыненні да таго, каму аказваецца дапамога. Міласэрнасць неабходна і для таго, хто яе ажыццяўляе. Яна засцерагае чалавечую душу ад ачарсцвення, дапамагае ва ўмовах жыццёвага дабрабыту заставацца чалавекам. Асабліва актуальным стала ўзнаўленне паняцця міласэрнасць пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, калі вынікі гэтай трагедыі на фоне агульнага эканамічнага крызісу значна павялічылі ў Беларусі колькасць хворых, нямоглых і абяздоленых, якім штодзённа патрэбна міласэрнасць.

Паведаміць пра недакладнасьць