Містыка (ад грэч. mystikos - таямнічы). У перыяд ранняга дзяцінства чалавек лёгка і ахвотна ўспрымае «казачную» форму тлумачэння таго, што адбываецца навокал. Няведанне першабытным чалавекам рэальных прычын прыродных з'яў запаўнялася фантазіямі пра існаванне таямнічых, чарадзейных сіл, стварала фантастычныя карціны рэальнасці. Над жыццём чалавека ўладарылі добрыя і злыя духі, феі, дэманы. Нясмелыя спробы «зносін» з гэтымі істотамі з мэтай задобрыць іх, заваяваць іх прыхільнасць вялі да з'яўлення мноства формаў пакланення звышнатуральным сілам. Гэтыя формы пакланення (заклінанні, чары, магічныя дзеянні і г.д.) пазней ператварыліся ў рэлігійныя культы. У ходзе развіцця культуры, станаўлення філасофскага мыслення з'явілася містыка - спецыяльнае вучэнне, якое абгрунтоўвала і замацоўвала рэлігійную практыку «зносін» чалавека са звышнатуральнымі сіламі з дапамогай азарэння, экстазу, прасвятлення, адкрыцця і г.д. Містычны характар уласцівы многім рэлігійна-філасофскім вучэнням старажытнасці (брахманізм, будызм у Індыі, даасізм у Кітаі, піфагарэізм, платанізм у Грэцыі). Ён з'яўляецца атрыбутам усіх рэлігійных сістэм (юдаізм, хрысціянства, іслам, канфуцыянства, будызм і інш.). Найбольшага пашырэння і ўплыву гэтыя ідэі дасягалі ў пераломныя перыяды чалавечай гісторыі. У асобных выпадках (пры панаванні царкоўна-рэлігійнай ідэалогіі) у форме містыкі выяўляўся пратэст супраць афіцыйнай дактрыны царквы (напр., Сялянская вайна ў Германіі ў 16 ст.). Элементы містыкі прысутнічаюць у многіх плынях ідэалістычнай філасофіі з антычнасці да нашых дзён. На пераломных этапах развіцця грамадства рэзка ўзмацнялася ўздзеянне містыкі на культуру, ідэалогію, філасофію і свядомасць. Поруч з вучэннямі філасофскага містыцызму (неатамізм, персаналізм, рэлігійны экзістэнцыялізм) узніклі рэлігійна-ідэалістычныя сістэмы містыкі (тэасофія, антрапасофія і інш.), пашыраліся розныя віды акультнай практыкі - магія, вядзьмарства, спірытычныя сеансы. Культываванне містыкі адрывае чалавека ад рэальнага жыцця, спусташае свядомасць, ставіць яго па-за грамадствам, пагражае яго здароўю і жыццю.

Паведаміць пра недакладнасьць